Вясновая казка

Вясна сваіх прасіла служак:
- Снег пазбірайце вы ў мяхі
Ды панапхайце мне падушак,
Пакуль прайдуся па зямлі.
(Так разаспалася ж узімку,
Што цэлы сакавік прапаў)
Пабегла сцежкай красавіцкай,
А кожны служка снег збіраў.

На неба сіняе цікаўна
Глядзела голая зямля,
Ёй раўчукі спявалі спраўна…
Паспець спяшалася вясна,
А людзі шубы паскідалі
І сустракаць ішлі яе,
Усмешкі сонцу дасылалі…

Набралі служкі снегу мех,
Усё старанна перамылі,
Каб зноў чысцютка-белы быў,
Усё расклалі, падсушылі –
І кожны насыпку набіў.

А на зямлі ўжо пацяплела
І пазмаўкалі раўчукі…
Вясна стаміцца так паспела,
Што не магла б узняць рукі.
І, задаволена зірнуўшы
На працы вынікі сваёй,
Уночы загадала служкам
Узбіць падушкі добра ёй.

А тыя як пайшлі старацца!
Давай скакаць ды малаціць!
Старыя насыпкі ўсе – драцца,
Снег павывальваўся, ляціць…
Ніяк жа ты яго не зловіш,
Трапляе зноў ён на зямлю.
Вясна аж страціла прытомнасць:
Загубіць працу ёй усю!

А ўнізе там адна дзяўчынка
Зірнула ранкам у акно
І звонка крыкнула: “Пушынкі!
Якое беленькае ўсё!”
І гэты срэбраны званочак
Умомант горад абудзіў –
І сотні пакруглелых вочак
Ён да акенцаў запрасіў.

А там… Пуховай мяккай коўдрай
Дамы накрыла і двары,
І ўсё лятуць, лятуць на горад
Мільёны лёгкіх светлых крыл…

17.04.2006


Рецензии
Клас!!! Малайчынка!

Лаззаро   05.05.2014 01:19     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.