Пятнiца

Ты падкрадзешся ціха, нібыта здрадніца, сцiплай усмешкай  заманіш мяне ў палон, i на маё – табе: “Прывітанне, Пятніца", шчыра, пяшчотна працягнеш сваю далонь. Я на далонь табе пакладу вясновае, чыстае неба – пад колер тваіх вачэй. Хустка твая, як сонца яскрава-новае. Ты мне  аддай яе наўзамен хутчэй.

Толькі скажы, i ноч надыдзе  бясконцая. Хочаш, я хуткi час для цябе спыню? Я табе i каханы, i абаронца я, бо я цябе кахаю i бараню. Дзесьці за цёмным лесам садзіцца сонейка, ветрам даносяцца музыка, галасы. Нехта спявае пад пераліў гармоніка…. Гладжу рукамі я твае валасы.
06.05.2014


Вабіла пятніца стужкай дарожнай,
Рухаўся жвава мой Гольф па шашы.
Тэмп  адчуваючы клетачкай кожнай,
Зліўся  я з ім i ляцеў да мяжы.

Думаў, што там, за мяжой, за кардонам,
Знікнуць пытанні, адказы ўсплывуць:
Як і чаму ў Еўразвязе свядомым
Людзі  найлепей  за нашых жывуць?

Што  там прывабнага, як там заробкі,
Колькі каштуе паесці, паспаць?
Як там народ: ці дайшоў ён да кропкі
Ў  згодзе агульную яму капаць?

Дружна старонкі замежных выданняў
Пішуць: "У нас чалавек - не халоп".
Шмат паднялося надзённых пытанняў,
Простым людзям задаваў іх у лоб.

Толькі адказвалі людзі нясмела,
Тоячы словы і думкі свае.
Бачу, Еўропа, ты паразумнела -
Прагнуць свабоды народы твае.

Змешваць ня трэба какаву з гарбатай,
Межы павінны народ бараніць.
Выправіш ты гэта глупства лапатай:
Звалішся ў яму, каб нешта змяніць.
14.04.2014


Рецензии
Цудоўна, Сяргей!

Верасовы Звон   17.06.2014 00:28     Заявить о нарушении
Дзякуй, Уладзiмiр!

Вершы   17.06.2014 14:10   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.