Памяцi Мамы
Поўны бядою з парога да самае брамы,
Двор апусцеў і прыціх у жалобе глухой.
Гэтай вясною дом родны пакінула Мама,
Ручкі гаротныя склала на вечны спакой.
Тупала ўзімку па слізкіх заснежаных сцежках,
Не паддавалася цяжкай хваробнай нудзе,
Верыла ў сонца,ў траву, што праб’ецца на ўзмежках,
Сілу вясна прынясе ў ручаёвай вадзе.
І дачакалася. Рана падсохлі гароды,
Ў цёплым гародчыку дружна вяргіні ўзышлі,
Сэрцу цяплела ад весняй надзеі і згоды,
Рукі цягнуліся, прагнулі цёплай зямлі.
Ўстала, каб раніцай сонца з парога прывеціць,
Выйсці насустрач вясёламу свісту шпакоў.
І… не паспелі сабрацца няўцешныя дзеці,
Маме жывой не сказалі пакаяных слоў…
Жудасна-чорным, чарнейшым за чорнае ночы,
Страшным агнём дзікі боль белы свет засланіў,
Ціха закрыліся маміны светлыя вочы,
Не ўратавалі вясна і ручайны разліў.
Хата ад горкага гора нібы пасівела,
Сумнымі шыбамі ў двор апусцелы глядзіць:
Бачыла слёзы, нястачы і крыўды цярпела,
Гора ж такога і ў сне ёй было не прысніць…
Помніць тут кожны куток, як вясёлая мама
Шчодрай рукой частавала гасцей і радню.
Як недарэчна, як горка, балюча, няўцямна,
Што ўжо не выйдзе насустрач вясёламу дню.
Здрадліва цэпам грыміць неразумны сабака,
Рады любому, хто міску падсуне пад нос,
Бездапаможна туляецца дзед-небарака,
Вочы старэчыя сонца не бачаць ад слёз.
Чорным каравым галлём вінавата варушаць
Яблыні ў садзе, такія ж старыя, як дзед,
Моўчкі дазволу пытаюць жалобу парушыць,
Гора адолець, прыбрацца ў святочны бел-цвет.
Яблыні, вам расцвітаць і бялець па-над хатай.
Гора – людское. Прыродзе законы свае.
І перад Мамай не яблыні, мы вінаваты,
Мы, недастойныя памяці чыстай яе.
Хай гэты боль нам урокам гаючым паслужыць,
Вызваліць душы ад дробязных дум і патрэб.
Ластаўкай лёгкай хай вечна над хатаю кружыць
Маміна памяць, святая, як сонца, як хлеб!
красавік 2002
Свидетельство о публикации №114040905414
Лариса Геращенко 24.12.2020 12:50 Заявить о нарушении
Клавдия Семеновна 13.01.2021 14:32 Заявить о нарушении