Адзiноцтва сярод людзей
Гастраном і вакзал, дзе збіраюцца ўвечар бамжы…
Гэты горад нясе маладосці даўгія ўспаміны,
Гэты горад хістае свой цень ліхтарамі машын.
У імклівым скачку, хуткіх цэн інфляцыйных прагрэсій,
Дзе труна больш каштуе сягоння, чым наша жыццё,
Я вяртаюся ў горад склікання прызначаных сесій,
Каб устаць і спытацца:
- Чаго ж вы, панове, спіцё?
Можа горад змяніўся, ці людзі мяняюцца з часам?
Нават рэха не хоча вяртаць мае словы назад.
Толькі лямпы міргаюць у вокнах неонавым газам
І здаецца маланкаю роднага дома фасад.
Горад шэрых будынкаў. І горад вялікіх вакансій.
Ён, здаецца заснуў, або сніць летаргічныя сны.
Тут сябе адчуваеш, парою, нібыта на Марсе
У чаканні палёту да новай планеты - Вясны.
Бо вясна абуджае марозам скаваныя рэкі,
Бо вясною наноў зацвітаюць лугі і сады.
Бо з вясною душою я сам неразрыўны навекі
Бо вясною мой горад становіцца зноў малады.
Юнакі і дзяўчаты гуляюць па парках сталіцы,
А нявеста – вясна дорыць ім незабыўны ўспамін.
Зноўку ў моду ўвайшлі не даўгія, а міні – спадніцы,
Зноўку пахам сваім зачароўвае п'янкі язмін.
І мне хочацца ўслед праз вясну закрычаць маладосці –
Беражыце любоў, і шануйце пачуцці заўжды.
Запрашайце у госці сяброў і сябровак у госці,
І вясна вам падорыць у квецені белай сады.
1991
Свидетельство о публикации №114031907203