Проста сёньня хтосьцi скрау мой месяц
проста сёньня хтосьці скраў мой месяц (выснова)
ты прабач, прабач, мая таварышка
што чужая мне твая вясёласьць
проста сёньня хтосьці скраў мой месяц
я сачыў за ім, ён быў над дахам
а калі я падышоў бліжэй
ён схаваўся па-за чорным гмахам
я быў ўпэўнены, што ён ня зьнік
прытуліўшыся да дрэва, я курыў
а калі вярнуўся зноўку да прыпынку
верыў: варта кінуць позірк угару
і адразу зноў яго пабачу
сонечны адбітак сярод ночы
а калі ня ўбачу, дык заплачу
а калі ня ўбачу, дык памру
і баяўся я зірнуць на неба
і нарэшце паглядзеў з сумненьнем
сапраўды: яго там не было
пляма чорная на сьветлым яго месцы
і ў душы маёй, дзе быў калісьці месяц -
засталася пляма чорная ў душы
і я сеў, засмучаны, ў аўтобус
і праз чорна-люстраную яго шыбу
ўбачыў шыльду я рэкламную "Макдональдс"
а на ёй - курыныя катлеты
да якіх падмалявалі "кур'і ножкі" -
і заўважыў побач жартаўлівы
надпіс "цып-цып-цып, мои цыплятки"
брыдка й сумна мне было глядзець...
вось таму прабач ты мне, таварышка
што чужая мне твая вясёласьць
проста сёньня хтосьці скраў мой месяц
значыць, на зары мяне павесяць
Свидетельство о публикации №114031800984