Цiмохавы парады

Казаў Цімох, што бульба тут не родзіць,
А бацька садзіць бульбу ў агародзе,
Зграбае гной у веснія разоры,
Не верыць у Цімохавыя словы.

Бо дзед Цімох нясе ману такую,
Няхай яго ўсе пранцы атакуюць!
Як скажа што, хоць стой, хоць зразу падай,
Таму не ўжыўся ён з ніводнай бабай.

А бацька за канём ідзе, за плугам,
Нібыта да гасцінца росным лугам.
Кашуля абняла тугое цела,
Відаць, ад працы цяжкае ўспацела.

Зямля і сапраўды тут аніяка.
Але ж за працу будзе і падзяка,
Калі дажджы прамочаць глебу летам,
То не звязеш той бульбы “лісапетам”.

Стары Цімох жыве з вады і лесу.
Не мае ён да працы інтарэсу.
З яго лянівай, сквапнае натуры,
Каторы год кудахчуць нават куры.


І тыя, нібы пеўні, гэтак б’юцца,
Што яйкі ўсе на глебе застаюцца.
Штодня Цімох ля хаты ходзіць крукам –
Шукае яйкі са старэчым другам.

А Шарык той хвастом даўно віляе
І пошукі Цімохавы ўхваляе.
Каб мог ён гаварыць,- сказаў Цімоху,
Дзе яйкі тыя ёсць – вядома Богу.

Вось так і бульба родзіць у Цімоха,
Бо зарастае лебядою з мохам.
Глядзіць Цімох, як мы яе капаем,
А сам маўчыць, бо словаў не хапае.


Рецензии