Iвану Курбеку
Няма ў аптэках ад плачу лекаў, -
Ліюцца слёзы, цякуць ракою.
Памёр мой дзядзька Іван Курбека,
Ад цяжкіх думак няма спакою.
Не стала творцы… Няма Курбекі.
За што для мовы такая страта?
Не б’ецца сэрца. Закрыты вейкі –
У бацькі раптам не стала брата.
А ён жа з мовай мяне сасватаў.
Сасватаў з музай мяне жывою.
Цяпер без дзядзькі – пустая хата.
Зямелька стала яго жаною.
Не думаў Янка, што гэтак хутка
Дзяды паклічуць да роднай хаты.
Што пахаваны ён будзе тутка,
Што прыдзе ў госці да мамы й таты
У край, дзе словы на вуснах гралі,
Калі спраўлялі дзяды вячоркі.
Тут нават птушкі не так спявалі,
Калі знікалі на небе зоркі.
Я цешу думкі свае малітвай,
Каб дзядзькаў гумар прыгадваць часам…
Памёр мой дзядзька ў год мірных бітваў,
Пад час баталій за нафту з газам.
І слова: «крызіс» яго кальнула
Пякучай рыфмай. Сардэчным болем.
Жыццё ляцела. Любоў танула, -
Душа абрала палёт да волі.
Прымі, Айчына, рупліўца-сына.
Прымі, зямелька, яго, як брата.
І дай у скрусе гаючых сілаў
Усім, каго ён да мовы сватаў.
2008
Свидетельство о публикации №114031204227