Вяскоуцы

Адчуваю, як пацiху вар’яцею:
Стаўлю кропкi,незнаходжу слоў…
Я згубiў апошнюю надзею
I жыву ў палоне змрочных сноў.

Бо любiць Радзiму –- гэта ж смешна!
Чым яна нам плацiць за любоў?
Моваю расейскаю цi вершам,
Што не здольны есцi без зубоў.

Ды што верш! Народ мой памiрае –-
Загубiў яго менталiтэт.
Край мой любы, мой палескi краю,
Я з табой застаўся тэт-а-тэт.

Карані мае ў той багне мора,
Што калiсьцi ўбачыў Герадот.
А наўкол гара… Гара i гора
Агарнулi чэрствасцю народ.

Iсную мiж горадам i вёскай.
Толькі вёска iншая цяпер.
Тут кастроў купальскiх адгалоскi
Мiж дамоў нацягнуты, бы нерв.

Кожны сам сабе… Каб талакою
Справу разам добрую зрабiць --
Не,  -- таго няма… Хаця такою
Змог раней я вёску палюбiць.

Па ранейшай звычцы прыязджаю,
Каб знайсці крупінку чысьцiнi,
Што жыла раней у родным краі,
Асвятляла лёсы, мары, днi…

Вёска мае думкі зразумела
I здалёк прыкмеціла мяжу,
Што правёў хтось на паперы мелам,
Хто правёў, вяскоўцам не кажу,

Бо яны, прафесары прыроды,
Думкi ўсе чытаюць па вачах.
Сеялi i сеюць агароды,
Рвуць пупы i стогнуць па начах.

Што ад працы той вяскоўцы маюць? –
Слёзы Тубi… Кроў пад мазалём.
Дзецi iх у горад уцякаюць –-
Там любоў аплачана рублём.

Боль вяскоўцаў хутка разальецца
Морам Герадота над гарой.
Мазалi трывожаць вёсцы сэрца
Так, што сохнуць дрэвы пад карой.

Я тых дрэваў не садзiў ніколi.
Яны самi на зямлi раслi.
Марылi аб шчасцi i аб волi --
Склад такi вясковы ўсiх раслiн.

I ў людзей закладзена спрадвеку:
Жыта сеяць, продкаў паважаць.
Хто прынiзiць волю чалавека –-
Будзе доўга пустазелле жаць.

Рэха да яго не адгукнецца,
Не напоiць рэчка ў год сухi.
Што да вёскi -– вёска застанецца.
Жыць пачне не з плуга, а з сахi.
2008


Рецензии