Прыгавор

Прыгавор той занадта суровы
Вынес час для маёй Беларусі:
Тут апошнія носьбіты мовы
Адлятаюць у вырай, бы гусі,

Дажываюць свой лёс чалавечы
З дабрынёй мацярынскага слова,
Што душу аздабляе і лечыць,
Ачышчае яе медным звонам.

Мова – мова! Твая цуда –песня
Была знішчана ў год трыццаць сёмы…
Расстраляная катамі ў лесе,
Раскулачана высылкай сёлаў.

Не давалі ўзляцець табе горда
Дзеці карнікаў тых і забойцаў.
Наступалі нагамі на горла,
Як параненай качцы ці сойцы.

З цябе выбілі мяккасць не проста –
Мяккі знак заірдзеў на марозе,
Бы магілы дзядоў на пагостах,
Што схаваліся ў церні–мурозе.

Узрастала ты з попелу мараў,
З тых надзей, што вясною брынялі,
Каб сыноў тваіх страчаных слава
Расцвіла ў нашых сэрцах наяве.

Толькі дзе тыя сэрцы, Айчына? –
Скразнякі ў тваіх згорбленых вёсках
Плачуць так, як не плача жанчына
Па засохлых дубках і бярозках.

Вось чаму прыгавор той суровы –
Чорным край стаў, што колісь быў белы.
Памірае Айчына без мовы,
Нараджаюцца дзеці без веры.
2013


Рецензии