Праламаю шэрань тратуару
І да сонца рукі працягну.
У няволі вуліц сонных мару,
У пакоі цесным, нібы нары,
Я падковы слоў у рыфмы гну.
Прамяняю сон свой на натхненне,
На адзін крыштальны, гучны верш,
Каб да волі клікаў пакаленні,
І не ўпаў ля ката на калені,
А ад здрады ратаваў найперш.
Што страшней маўклівай смерці мовы,
Вуснаў чалавечых нематы?
Хай крыляе верш у небе громам,
Асвятляе шлях для думак новых
Праз стагоддзяў меланхольны дым.
1990
Свидетельство о публикации №114030803868