Беларусi

Беларусь, я спавіты з табою адзінай надзеяй:
Ручніком белых рэк і каронай бялюткіх лілей.
Толькі мова твая, нібы сцяг, у нябёсах ірдзее
І ўзлятае падранкам на сонечным белым крыле.

Не цурайцеся лёсу і мовы сваёй не губіце,
Хай ляціць над зямлёю крыштальны яе перазвон.
Адчыніце акно і вы ўбачыце птушку ў блакіце.
Адчыніце акно і пачуеце птушкі той стогн.

Адзінокая птушка згубіла у вырай дарогу.
Люты вецер адносіць яе ад радзімай зямлі.
Толькі песню  нябёс, бы малітву адданасці Богу
Срэбны дождж Адраджэння спакусай жыцця акрыліў.

Не цурайцеся птушкі і следам за ёй падпявайце!
І абуджаны золак знітуе вясёлкай шляхі.
Не губляйце сябе і надзеі сваёй не губляйце,
І замоліць за вас беларускае неба грахі.
1991


Рецензии