З баек Сямена Буднецкага
Неяк зранку да Рыгора
Мішка с просьбай завітаў:
- Памажы, суседзе, ў горы,
Штось “Масквіч” забаставаў.
Не заводзіцца, халера,
Фыркнуў раз і зноў заглох.
Нешта ў старцеры заела,
Разабраліся б удвох.
- Ноў праблемс, - заверыў Грышка,
Не малы ж шафёрскі стаж.
І кувалду прыхапіўшы,
Скіраваліся ў гараж.
Спрытных дужых рук дзве пары,
Інструменты ў тры рады –
- Да паўдня раскачагарым,
Пабяжыць, як малады!
Хлопцам праца не ў навіну,
Параскручвалі сяк-так.
Ды з кувалдай за гадзіну
Замарыліся аднак.
- Перакурым. Не парвацца ж,
Не гарыць жа “Масквічок”.
Перш, чым зноў за справу брацца,
Заглянулі ў бардачок.
А ў сапраўднага мужчыны
Ў бардачку заўсёды ёсць
(Зразумела, для прычыны,
Як, напрыклад, позні госць,
Ці калі ў дарозе свята
Напаткае, што тады?),
Хоць няшмат, па дзве на брата,
Для пачатку «ні бяды».
Іншы вып’е шклянку й годзе,
Ды не нашы дружбакі.
Словам, пры такой нагодзе
Сербанулі мужыкі.
Колькі выйшла ў іх “на рыла”.
Не прыпомняць сябрукі.
Дзесь надыбалі “чарніла”,
Надзяўбаліся-такі.
Гутарка вялася чынна,
Успаміны, песня, жарт.
Потым з нейкае прычыны
Грышка выйшаў з гаража.
Мо схацелася да ветру,
Ці папоўніць дбаў запас.
Ды на свежым на паветры
Затрымаўся нейкі час.
А пакуль сябрук цягаўся,
Учарашні дзень шукаў,
Мішка наш на руль уклаўся,
Ў адзіноце задрамаў.
Гэтак соладка храплося
У гаражнай цішыні.
Толькі раптам – ці здалося?
Нехта дзверы адчыніў.
Не, не сніцца. Мішка хмура
Вочы жмурыць ад святла.
Бачыць – чорная фігура
Выплывае з-за вугла.
У гараж заходзіць смела.
- Ну, вылазь! – гукае ўкрык.
Сэрца ёкнула і ўмлела:
Гэта ж злодзей, рабаўнік.
Кажуць, мафія ў раёне
Ў гаражах наводзіць жах,
У Абрамавага Лёні
“Мерса” сцібрылі на днях.
І мая чарга прыспела,
Бач, папаўся на кручок…
Сэрца з жалю затрымцела:
- Эх, бывай, мой “Масквічок”.
Злодзей – шапка над вачыма –
Зноў: - Вылазь, ці ты заснуў?
- Не заводзіцца машына!
Мішка ў роспачы гукнуў.
Заіскрылася надзея:
Мо не стануць забіраць?
Ды грыміць адказ зладзееў:
- Завядзём, такую маць.
Тут і Мішка ўстрапянуўся:
- Паміраць, дык пад аркестр!
Па кувалду пацягнуўся:
- Дам у чэрап! Во це хрэст!
Размахнуў кувалду Мішка
(Эх, была ці не была!)
Толькі ў лоб не трапіў крышку,
Мусіць, доза падвяла.
Перабраў, рука трымцела.
Ткнуўся ў грудзі інструмент,
Без вялікай крыўды целу
На падлогу загрымеў.
Занямела сэрца ўмомант:
Здаў бы лепей “Масквіча”.
І навошта браў той молат,
Злы ж – прырэжа згарача.
Дыбам стаў ад страху волас,
Пацямнеў навокал свет.
Раптам чуе – Грышкаў голас:
- Ты за што мяне, сусед?
Пацірае рэбры злодзей,
Шапку скінуў - Мішка ўмлеў:
- Грышка, мілы! Грэх ды й годзе.
Я ж цябе забіць хацеў!
І расчулена-шчаслівы,
Грышку ў шчокі цалаваў:
- Дзякуй Богу, Грышка, мілы,
Дзякуй Богу, не папаў!
Толькі Грышка – хлопец горды:
- На каго падняў руку?!
Зафінгаліў проста ў морду
Небараку-сябруку.
…Хто з іх праў – хай Бог рассудзіць.
Да калецтва ж не дайшлі.
Патузаліся за грудзі –
У бойцы ісціну знайшлі.
Бо пасля разборкі боем,
Падлічыўшы сінякі,
Зразумелі, што абое
Правільныя мужыкі.
І калі сцямнела крышку,
Змрок паплыў з усіх куткоў,
У абдымку Мішка с Грышкам
Пацягнуліся дамоў.
Нёс кувалду, ўсю дарогу
Мішка ўзрушана шаптаў:
- Дзякуй Богу, дзякуй Богу,
Дзякуй Богу, не папаў!
Свидетельство о публикации №114030508748
Валентина Шемякина 03.05.2014 11:01 Заявить о нарушении