На Нямiзе

Стагнала зямля пад нагамі каня.
Зямля, заручоная кроўю і вояў адвагай.
Тут сеча грымела, тут вораг канаў,
Тут вусны прасілі вады і згаралі ад смагі.

Змяшаліся ў бітве паходні, чужынцы, шляхі.
Тут падалі коні, стамлёныя сечай зацятай.
Няміга сціскала ад гневу свае берагі,
А вецер агонь раздзімаў на сялянскія хаты.

Зямля дае сілы і прах забірае зямля.
Галосяць жанчыны і змоўкла на дрэве зязюля.
О, Божа, дай сілы не страціць у бітве каня,
Не страціць сяброў і не страціць надзею святую.

Сустрэнуць жанчыны і дзеці сваіх змагароў.
І сонца асвеціць ласкавыя, мужныя твары
Усіх, хто змагаўся, хто ў сэрцы надзею збярог,
І хто ўпаў забіты на росныя кветкі і травы.

Зямля дае сілы і прах забірае зямля.
Галосяць жанчыны і змоўкла на дрэве зязюля.
О, Божа, дай сілы не страціць у бітве каня,
Не страціць сяброў і не страціць надзею святую.
1987


Рецензии