Халоднае логава

чарнобыльская балада

Богам кінутая Айчына
Раны цела свайго лячыла.
Не гаючым духмяным зеллем,
А чарнобыльскім горкім семем.

Прыкладала да цела рукі.
Пазірала стамлёна ў вочы.
Вымаўляла нямыя гукі,
Быццам дыхала ў твар па-воўчы.

Я глядзеў – сам сабе не верыў:
Як падобна яна на звера,
На ваўка, што я быў параніў –
Не знайшоў…
Памаліўся ў Храме
І паставіў па воўку свечку.

Але ж воўк праз пакуты болю
Перамог мяне.
Значыць здолеў
Даказаць, што ён прагне волі,
Я ж канаю на родным полі.

А ён ліжа на сэрцы раны:
Гэты ж воўк быў не мной загнаны,
Гэты ж воўк быў не мной абраны,
Ды чарнеюць на целе плямы.

І паўночная ў небе зорка
Дагарыць, не пачуе енку.
Не завые мацёры зноўку –
Чорны боль запарушыў зрэнку.

Доўга выла ваўчыха ў лесе,
Бы вар'ятка між дрэў блукала.
Быў падобны той плач на песню,
Але ж песня ваўка забрала.

Ваўчанятам патрэбна ежа.
Як адной заганяць здабычу?
Голад – гэта драпежнік першы,
Куды хочаш цябе пакліча.

Той Чарнобыльскі лось – не першы,
Хто да Прыпяці йшоў марудна,
Каб папіць і паход завершыць,
Бо ісці было цяжка, трудна.

Распаўзаліся ў багне ногі,
Да зямлі апаўзала цела.
Па – ваярску глядзелі рогі
На ваўчыху, што йшла нясмела

І… ў рашучым скачку спасцігла
З сілаў выбітую ахвяру.
Упіваліся ў горла іклы,
А вятры наганялі хмары.

І ў далёкім, ваўчыным лесе
Крапаў дождж на малых ваўчанятак.
І, здавалася, ўсё Палессе
Было плачам дажджу працята.

О, Дажджбог, што ж ты льеш атруту
На ваўчыны сірочы вылаз?
Гадаваўся на тым ігрышчы
Бацька – воўк, калі з хаты вылез.

О, Дажджбог, што ж паслаў ты дзецям
Смерць нябачную воўчым вокам?
Глянь, як дыхае цяжка вецер,
Як ваўчыха спяшае скокам

У нару, што жыццём прастыла…
Што ж рабіць ёй адной на свеце?
Доўга плакала. Цяжка выла.
Дождж кляла, што ваўка памеціў.

Чуўся плач той па ўсёй планеце
Спусташонай вачамі неба.
Захацела дзяцей сагрэці,
Ды сама зледзянела ў рэбрах.

Не пачула, як сэрца стала,
Як уздрыгнула шэрай поўсцю…
Мне здалося – ваўчыха спала
І не бачна было ў ёй злосці.
1992


Рецензии