Думаукi

   

ДРЭННАЯ ВЕСТКА
Накаркала варона: кар, кар, кар…
Прачытаў яе словы наадварот –
Вось і падкралася хвароба.

***
ЦЭЛАСНАСЦЬ
Жыццё забірае жыццё.
Смерць нараджае смерць.
Хто з іх горшы,
Хто лепшы,
Калі ў Сусвеце ўсё ўзаемазвязана?

***

ТРАГЕДЫЯ
Я не хачу вяртацца
Ў мясціны дзяцінства,
Бо ўсе маленькія сляды
Спаланіў Чарнобыль,
А вялікія
Застываюць асфальтам.




***
Пазіраю на зоркі
І бачу ў іх вочы Сусвету.
Ці сустрэнуцца нашыя позіркі
Ў іншасвеце?

***
Нявесцяцца сады,
Усцілаючы пялёсткамі
Шлюбнае ложа зямлі,
На якім нараджаецца дзень.

***
Людзі імкнуцца да зорак,
Каб пакінуць пра сябе
Памяць на зямлі.
А я прытуляю галаву і чую,
Як неспакойна б'ецца
Сэрца зямлі.

***
Хмара рассыпалася дажджом
І закалола сонечныя валасы
Вясёлкай.



***
Абмежаваныя воляй трамваі
Выбіваюць коламі незалежнасць
На рэйках часу.

***
Бог падараваў людзям зямлю,
Сатана – Чарнобыль,
А расплачваецца за ўсё чалавецтва.

***
ДАСВЕЦЦЕ
Халодны нож месяца
Кроіць на часткі неба.
Выразае незразумелыя выкрайкі.
Ставіць кропкі.
Запальвае сузор’і.
Прачнешся раніцай
І адразу ўсё зразумееш…
Месяц усю ноч краіў на небе
Світанак.
***
Мама пячэ бліны.
Цеста расце на патэльні -
Раніца.



***
Мастак малюе вясну.
Яна так кранула пачуцці,
Што кветкі распусціліся на халсце.

***
Калі чалавек губляе спакой,
Ён набліжаецца да сваіх пачуццяў.
Так нараджаецца любоў.

***
Любоў да Радзімы з’яўляецца тады,
Калі Радзіма адказвае чалавеку
Узаемнасцю.

***
Радзіму можна любіць на адлегласці,
Але такая любоў
Не пускае карэнні.

***
Каб зразумець цэласнасць прыроды,
Трэба нарадзіцца і вырасці
З мурашамі.


Рецензии