Заспявай мне песню тую, мама

Заспявай мне песню тую, мама,
Што пяяла жнейка за сялом.
Помню я, як ты ёй падпявала,
Як снапы абвязвала вузлом.

Ой, у полі жыцейка ўрадзіла,
Хіліцца калоссем да раллі.
Песня тая - моц, душа і сіла
Нашай беларускае зямлі.

У кашулі белай, даматканай,
Ухваляла жнейка ураджай.
Пана Бога да сябе гукала:
- Прыязджай у госці, прыязджай!

Пачастуйся смачным караваем,
Што спячэм мы з жыта ўсім сялом.
Мы цябе за хлеб наш усхваляем
І чакаем, Божа,  за сталом.

Першы сноп – у кут для пана Бога,
Дзе вісіць намолены абраз,
А другі, расло каб жыта рогам,
Перамелем на салодкі квас.

Ну а трэці будуць есці дзеці, -
Ім яшчэ, бы жыцейку, расці.
Няхай зерне сушаць сонца, вецер,
Бо сяўба – галоўнае ў жыцці.

Песня тая ў сэрца мне запала,
Бо з яе мы пачыналі жыць;
Сеяць жыта, жаць яго, бы мама,
І зямною працай даражыць.

Заспявай мне песню тую, мама,
Што пяяла жнейка за сялом.
Помню я, як ты ёй падпявала,
Як снапы абвязвала вузлом.


Рецензии