Апошняе падарожжа

Плыў Караткевіч на плыце
Па Прыпяці.
І Герадота мора цень
Там выглядзеў.

Плыў Караткевіч па вадзе:
Вада – бяда.
А ён глядзеў на новы дзень,
Курыў, гадаў:

Няўжо Авідзія сляды
Тут знойдуцца,
І па мясцінах залатых
Ён пройдзецца?..

Сустрэне Відзіуш – гара*
Усмешкаю.
Ды позірк творцы дагараў
Паспешліва.

Мястэчка Лахва, рэчка Смердзь
Прыўкрасная
Яму паслалі гэту смерць
Заўчасную.


Па хвалях стукае вясло, -
Бягуць кругі.
На грэбнях човен панясло
Зямной тугі.

Плыў Караткевіч на плыце
Па Прыпяці
І Герадота* мора цень
Там выглядзеў.

*Відзіуш –гара знаходзіцца ў вёсцы Кажан-гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Па адной з легенд менавіта тут пахаваны знакаміты рымскі паэт Авідзій.
*Герадот – знакаміты грэчаскі гісторык, які пад час сваіх вандровак па Палессі назваў вясновыя разлівы Прыпяці морам.


Рецензии