Малiтва

Калі Айчыне асляпілі вочы,
Звязалі рукі ланцугом дарог,
Яна брыла адна праз цемрадзь ночы,
Малілася, каб Бог народ збярог.

А Бога не відаць... Яна - сляпая.
Вярні ёй, Божа літасцівы, зрок.
Яна нагамі босымі ступае
Па камянях. І так - за крокам крок.

Куды ідзе – сама таго не знае.
Ніхто не даў гаротніцы руку.
Яна сляды крывавячы ступае,
Бы вышывае лёс на ручніку.

О, Беларусь, такою цябе бачыць
Я не хацеў ніколі, далібог.
Не ведаю, чым мне табе аддзячыць,
Як нам знайсці адну з усіх дарог,

Якая ўвесь народ мой шматпакутны
Да веры, да Айчыны павядзе...
Скажы мне, Божа,
Ты ж усемагутны,
Куды Айчына босаю ідзе?


Рецензии