Прарочы сон

Прысніў я, як сваяк мой на кані
Павёў харугву вояў у атаку,
Як кроў сваю пад Слонімам праліў,
Каб не было на мне чужога знаку.

О продкаў дух! – ты вечны німб зямлі,
Што нас аберагае ад пакутаў.
Мы ад яго ўсё лепшае ўзялі –
Таму я памяць продкаў берагу так.

Цячэ ў маёй душы літвінаў кроў,
Што з Вітаўтам свой край абаранялі…
І сэрца б’ецца цоканнем падкоў,
Тых коней, што траву ў пагоні мялі.

О памяць! - ты вярэдзіш мае сны,
Ізноў мяне ў мінулае вяртаеш;
Дзе край квітнеў ад подыху вясны,
І дзе гучала музыка святая.

Без памяці мы свой забудзем род,
Абернемся ў манкуртаў без надзеі.
Без памяці – мы нават не народ,
А племя тых, што вочы праглядзелі.


Рецензии