Неспакой
Захлынаецца сэрца ад скрухі…
Я – нібыта паранены вой,
На мяне ляцяць чорныя мухі .
Вось, здаецца, змахну іх рукой
І расплюшчу стамлёныя вочы –
Ды стаіць ля вачэй неспакой,
Нібы прывід Айчыны сірочы.
Што рабіць, як яго абыйсці,
Дзе ратунак знайсці і збавенне?
Я – паранены вой па жыцці,
У якога шпурляюць каменне.
Мабыць ёсць і мая тут віна,
Бо паэзію ў сэрцы люляю.
Неспакой, бо пішу давідна
І цнатлівасць паперы кранаю.
Хіба могуць спакойнымі быць
У жыцці неспакойным паэты?
Каб Радзіму натхнёна любіць,
Трэба быць той крупінкай планеты,
Што трымае стамлёную вось
Ад пажараў, нашэсцяў, разрухі…
Неспакой -- гэта значыць -- Я ёсць,
Покуль пішуць стамлёныя рукі.
Свидетельство о публикации №114022806697