Дыялог

Прысвячаецца Я.Н. Драздовічу

Спытаўся Бог аднойчы валацугу,
той “трокі і валокі абыйшоў”,
Не меў нічога, не прыйшоў нікуды:
“Што, чалавеча, у жыцці знайшоў?
Бадзяўся па зямлі – “куска” свайго не меў,
Дзе прыдзецца – там спаў, з чужое ласкі еў,
Усё жыццё ішоў і, зрэшты, лёг
                на мяккі пыл дарог…
Што бачыў добрага?” – спытаўся Бог.
Апёршыся на кій, з усмешкай чалавек
Крэатару сказаў: “Нябесны бачыў бег!
На Месяцы – людзей і дрэвы, гарады…
у марах, Божа мой, я адлятаў туды!
Платонаў бачыў Цырк і Артаполіс строгі,
у Гарадольскай пушчы паабхадзіў дарогі!
Стадолішча, Пунькі і Гараватка  –
гасціннай для майстра была любая хатка!
Наіўных мрояў дываны я землякам дарыў
і Дзісенскай, сваёй зямлі, рамантыку адкрыў!
У “вялікіх шышак,” мімаходзь, ствараў праблемы,
і напісаў
            “Гармонію плянетаў Сонечнай сістэмы”!
Што добрага было, а што благога,
Сам ведаеш, як кажуць землякі:
                “Усё  – ад Бога!”


Рецензии