Подых першага кахання
Побач таксама чакалі людзі. Іх было нямала. Адны прыязджалі, другія ад’язджалі. А яна ўсё стаяла і стаяла. Раптам заўважыла на сабе позірк аднаго немаладога ўжо чалавека. Ён быў лёгка апрануты, без шапкі, стаяў неяк па-заліхвацку. Некаторыя знаёмыя рысы не-не, ды і прасклізвалі па твару мужчыны. Дзесьці яна ўжо бачыла гэтую постаць…
І раптам яна схамянулася: “Не можа быць! Няўжо гэта ён, Віктар? Колькі ж гэта гадоў мы не бачыліся? Бадай 16 – 17. Ужо цэлае пакаленне вырасла! Мая дачка ўжо старэйшая за мяне, калі я ўпершыню закахалася ў Віктара”.
А мужчына стаяў і стаяў на тым жа самым месцы і ўвесь час пазіраў у яе бок. Ёй было не прывыкаць да мужчынскіх позіркаў – была вельмі прывабная – мужчыны так і ліплі да яе з рознымі, нават непрыстойнымі, прапановамі. Але яна ні з кім не хацела сустракацца. Усё чакала нечага. Мужчына не адрываў ад яе вачэй, але і не падыходзіў. “Відаць, абазналася,” - падумала з жалем. З роздумаў вывеў надыходзячы аўтобус. Яна кінула апошні позірк на незнаёмца і хуценька ўціснулася са сваімі клуначкамі ў пад’ехаўшы транспарт. Села ля вакна. Мужчына ўсё стаяў і глядзеў проста ёй у вочы. Яна не вытрымала, кіўнула і ўсміхнулася. І раптам адбыўся цуд: па твару незнаёмца распаўзлася такая знаёмая з далёкага юнацтва ўсмешка! Віктар радасна і неяк няёмка прыпадняў руку і памахаў ёй. Так, гэта, безумоўна, быў ён! Сумненняў больш не было!
Аўтобус крануўся з месца, а яна ўжо нічога не чула, бо ў думках была ў тых далёкіх 79-х гадах. Успаміны мімаволі нахлынулі на яе і, быццам на крылах, панеслі ў краіну юнацтва…
Ёй толькі споўнілася 13. Пачаліся летнія канікулы. Яна паехала пагасціць да цёткі ў невялічкую вёсачку. У вёсцы было толкі 40 драўляных хат, да і да рэчкі далёка. Але побач былі тры стрыечных брата і маленькая сястрычка. З імі было вельмі цікава. Днём яны разам дурэлі, ганялі на “роверах” (так у іх называлі веласіпеды), а вечарамі хадзілі ў другую вёску на танцы разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі. Да клуба было цэлых пяць кіламетраў. Але што значаць некалькі кіламетраў для моладзі! Гэта было так цікава! Яны збіраліся разам на маленькай пляцоўцы і ішлі, гамонячы аб усім на свеце. Хто – парамі, а хто – паасобку. Але ніколі не пакідалі адзін аднаго, далёка не разыходзіліся. Разам – туды, разам – назад. Яна была свая сярод іх.
Яе цётка працавала прадаўшчыцай і жыла ў хаце, раздзеленай на дзве палавіны. У адной жыла яе сям’я, а другую палову займала сельская крама. Ганна (так звалі нашу гераіню ) вельмі любіла глядзець, як працуе цётка. Кожны дзень прыязджала аўталаўка і прывозіла прадукты, а яшчэ розныя цудоўныя рэчы, якімі цёця Надзя таксама гандлявала. Ганна разам з братамі дапамагала прымаць тавар, беражна раскладала яго па паліцах. На гэты час яны з цёткай закрывалі
краму. А за дзвярыма чакалі вяскоўцы і гаманілі, гаманілі… Гэта было так весела і непрывычна для яе, гарадской дзяўчынкі! А яшчэ цікавей было, калі цёця прадавала ўвесь гэты асартымет. Нават ёй дазваляла некалькі разоў насыпаць на вагі ў мяшочкі цукерак-гарошку і палічыць здачу.
Аднойчы раніцай Ганначка, як звычайна, заплятала доўгія цёмна-каштанавыя косы і паглядвала ў вакно. Крама толькі адчынілася і народу было яшчэ нямнога. Дзяўчына адчыніла раму і выглянула на вуліцу. І раптам аслупянела: побач, усяго ў двух кроках ад яе прайшоў чорнавокі чарнявы ладны хлопец. Чуб заліхвацкі, сам каранасты, невысокі, але вочы… Бяздонныя-бяздонныя, бы тыя вуголлі… Ён пяшчотна ўсміхнуўся і прыветліва кіўнуў, нешта прагаварыў. Але слоў дзяўчына ўжо не чула: у галаве шумела, сэрца схаланулася і быццам кудысьці пачало правальвацца. Цяжка, немагчыма цяжка было адвесці позірк ад незнаёмага хлопца. На гэта спатрэбіліся астатнія рэшткі сіл. Не хапала паветру, хаця спёкі яшчэ не было. Сэрца, бы зажатае ў ціскі, адбівала шалёны тэмп: тук-тук, тук-тук, тук-тук…
А хлопец ужо стаяў у чарзе перад крамай і з кімсьці завёў гаворку. А сам усё касіўся і касіўся на Ганну, якая стаяла ні жывая, ні мёртвая. Сіл яе выстачыла толькі зачыніць акенца. Яна згадала пра прычоску і пачала заплятаць свае раскошныя валасы, употайкі кідаючы погляд на незнаёмца. Цяпер дзяўчына нават яго разгледзела. Чорныя штаны, панізу былі клёшам, па апошняй модзе. Белая кашуля расхістана і не зашпілена на верхні гузік – сцільны хлапец! Белы колер так выйгрышна адцяняў яго коратка падстрыжаныя чорныя, як смоль, валасы. Невысокі, але і не нізкі, плячысты, ходзіць у развалачку. Дзяўчына сумелася,
бо ў гэты самы момант хлапец зірнуў на яе. Яна збянтэжылася, расчырванелася і выйшла ў калідор.
Але на вуліцу выйсці не адважылася. Калі зноў падышла да вакна, хлопца ўжо і след прастыў. Яна нават пашкадавала, што не пайшла ў краму да цёткі. Села, пасядзела, задумаўшыся. Але што тут зробіш! Мусіць, так трэба. Не пашанцавала ёй. Але слёзы ліць не збіралася! Вырашыла выйсці на падвор’е. І з думкай: “З якой жа вёскі будзе гэты хлопец?” – пацягнула за брамку дзвярэй. Але нешта не пускала іх. Ганна пацягнула мацней. “Няўжо зламаліся?” – мільгнула ў думках. І раптам дзверы адчыніліся, і з цёмных сенцаў нехта зрабіў крок да яе. Яны сутыкнуліся ілбамі! Ганна войкнула, падняла вочы і застыла ад нечаканасці: перад ёй стаяў той самы моднік!
- Дзень добры! – амаль адначасова прагучала ў абодвух.
- Дзень добры. А дзе Воўка? – усміхнуўся юнак.
- Спіць, - ледзь чутна прамармытала яна і затрымалася ў дзвярах, мімаволі адзначыўшы, якая прыгожая ў гэтага молайца ўсмешка. Ісці ўжо нікуды не хацелася.
- А Вы куды? Пачакайце, - вымавіў хлопец. Твар яго так і ззяў.
- На вуліцу, - апомнілася Ганначка і, як ашпараная, выскачыла ў сенцы, з сенцаў – на падвор’е. І, зрабіўшы некалькі крокаў, нечакана стала, пашкадаваўшы, што здуру выбегла з хаты. Трэба было паразмаўляць з ім. Яе, як магнітам, прыцягваў той незнаёмец. Захацелася вярнуцца. Але яна не адважылася. Было чамусьці сорамна. Шчокі так і палалі чырванню. Не, у такім стане вяртацца ў хату яна не магла! І некалькі хвілін павагаўшыся, дзяўчына выйшла на вуліцу і бясцэльна прайшлася па вёсцы. А калі вярнулася дадому, хлопца ўжо не было. А Воўка, яе стрыечны брат, на два гады малодшы за яе, сказаў, што вечарам хоча пазнаёміць яе са сваім траюрадным братам Віктарам – тым самым хлопцам, з якім Ганна так нечакана сутыкнулася тварам ў твар. Віктар распытваў у Воўкі пра яе і сам прапанаваў іх пазнаёміць. Так пачалося іх першае каханне…
Нечакана чыясьці рука лягла на плячо Ганны:
- Ганна, а ты што не выходзіш? Ужо наш прыпынак! Прыехалі, - перад жанчынай стаяла яе цяперашняя суседка Люба.
- Ой, Божачка! – пляснула далонямі Ганна, - І сапраўды прыехалі! Выбачай, задумалася нешта. Дзякуй табе, Любачка! Ледзь не праехала!
І абедзве жанчыны выйшлі. Думкі Ганны пацяклі ўжо ў іншым кірунку. Але настрой ў яе быў цудоўны…
2002 год.
Свидетельство о публикации №114022109920
Ирина Максименкова 07.03.2014 11:44 Заявить о нарушении
Татьяна Фурсова -Павловец 07.03.2014 13:19 Заявить о нарушении