Маленства

МАЛЕНСТВА

Па звар'яцелай завірусе
Шляхоў пракладзеных ані.
Маленькі хлопчык у кажусе
Пляцецца ў школу дзень пры дні.

Спыню на ўзбочыне машыну,
Адкрыю дзверцы:
-- Гэй, хадок! У школу?
-- Так.
-- Сядай, падкіну,
Каб не спазніўся на урок.

-- Стаміўся , мабыць?
-- Толькі крыху.
Ды толькі мне не прывыкаць.--
Ён усміхнецца і паціху
Працягне нешта напяваць.

Штодзень чатыры кіламетры --
Асенні дождж ці снегавей,
Ідзе, адзін насупраць ветру,
Дасціпны юны Галілей.

Я гэтаксама у маленстве
Праз снег у школу кавыляў.
У гэтым дзіўным падабенстве
Сябе мінулага пазнаў.

Вязу яго і сэрца ў скрусе.
Жыццё маланкай прамільгне.
Маленькі хлопчык у кажусе
Такі падобны на мяне.

Завея круціцца наўкола,
Вятрыска вые і гудзе…
А недзе там, за рэчкай, школа
Яго няздзейсненых надзей.

Па звар'яцелай завірусе
Ідзе праз непагадзь адзін
Маленькі хлопчык у кажусе --
Дзяцінства светлы успамін.

Асіліць  хлопчык шлях нялёгкі,
Спадзе туга з яго вачэй.
І дзень за дзень цвярдзеюць крокі.
І  сам ён робіцца дужэй.

15 лютага 2014


Рецензии
Вось гэта Верш!!! Сапраўдная паэзiя!!! Цудоўна!!!

Вершы   30.03.2014 22:37     Заявить о нарушении