Добруш, Ипуць
Добруш – неруш гомельскага свету
З сонечнымi колерамi лета,
З духам старажытным рыштаванняў,
З таямнiцай даўняю паданняў.
З выгінамі гожымі масточкаў,
З грушамi салодкiмi ў садочку.
Добра ж як! Не зарасi сарочку
У траве купальскай цемнай ночкай.
Кветка-папараць расце, напэўна,
У лясах у добрушскiх напеўных.
Добруш, дабрадзей добразычлiвы,
Радуе усiх ракой iмклiвай.
У вянках купальскiх без сумневу
Рэчка Iпуць, нiбы каралева,
Добрыцца сваiм пясчаным плёсам
Перад промнем золатавалосым.
Ёй радно нябёсаў лёс даверыў,
Нiбы лiст бялюткае паперы,
На якiм i я радок любiмы
Напiшу на памяць для Радзiмы.
ІПУЦЬ
Рэчка Іпуць, рэчка Іпуць,
Да цябе праменні ліпнуць,
Ліпнуць зоркі i аблокі,
Ліпне месяц адзінокі.
А бывае, а бывае,
Як ваўкоў галодных зграя,
Плойма хмарак набягае,
З ёй у хованкі гуляе.
Хваля, нібы маладзіца,
Што з карункамі спадніцу
Падымае, падымае --
Пэўна, сораму не мае.
Зарагоча гром над гаем,
Бліскавіца ж у адчаі
Акунецца ў рэчку Іпуць,
I раку дажджы абдымуць,
Зацалуюць, замілуюць
I на Добруш пашыбуюць
…Ах, пасуе як паненкам
Гэта мокрая сукенка!
Свидетельство о публикации №114013103856