Так дауно не быу у сваiм Будзiшчы...
Так даўно не быў у сваім Будзішчы,
Дзе калісьці жыў, хоць не кахаў.
А каханне тое, можа, будзе шчэ,
Ці то я сваё – адгараваў?
І тады паеду зноў у Будзішча,
Дзе калісьці жыў і піў ваду
Я з таго калодзежа, што будзе шчэ,
Будзе шчэ жывы, калі прыйду.
І няма суседзяў, бо памерлі ўсе:
Галя, Машка і Сцяпан-свісток…
А на ганку ўсе прыступкі сцерліся,
Ліпа й тая скрыўлена на бок.
І заплачу горка каля хаты я –
Не сваёй, сваёй яна была.
Толькі вербы туляцца касматыя
Да майго любімага сяла…
11. 01. 2014 г., Мінск
Свидетельство о публикации №114011101095