Да Цябе маё сэрца мкнецца...
Ды наўпрост, безь віхляных шляхоў.
Я па сьцежцы, што небам завецца
Завітаю аднойчы дамоў.
Я па шэрані, зь мейсца скокам,
Па сьнягох, над віром мітусьні.
Мая прышласьць -- з Тваім любым вокам,
Мая шчырасьць -- дыханьне вясны.
Па згародах, у драпінах ногі,--
Тое кроў ад вялікай сумы.
Я ня споўз, Бацька, з праўды-дарогі,
Свае весьніцы мне адчыні.
Калі ласка, даруй нячуласьць,
За халоднасьць мяне ня ўшчувай.
Адвядзі ўсемагутную лютасьць,
Маім хібам, Айцец, спачувай.
Я прыйшоў да радзімае хаты,
Ты ўбачыў мяне йздалёк
І бяжыш на пярэймы спаткаці,
Я стаю, а ў рукох хатулёк.
Ты, залеваю ружы зьбівая,
Стрэнеш сына на ганку вякоў.
Захінеш зорнай коўдрай, сьпявая
Калыханку маленькіх багоў.
Свидетельство о публикации №113123000463