Вiктар Гардзей пра Леанiда Пранчака

ВЕРБЫ ЛЯ ЧЫСТАЙ РАКІ

Літаратурна-біяграфічны нарыс

Невялікая рачулка Ведзьма, што па агародах і задворках апярэзвае старажытны горад Ляхавічы, у сівую даўніну, падпёртая каля «мяста» плацінамі, была суднаходнай аж да зліцця з паэтычна-флегматычнай Шчарай. Ад першых сваіх камяніц горад засноўваўся на бойкім гандлёвым шляху, і аднойчы чужаземныя віціны, укоптур нагружаныя збожжам, прыткнуліся да муроў знакамітай Ляхавіцкай фартэцыі, а гаспадар несамавітых караблікаў, нейкі прагавіты купчына, стомлены цяжкім пераходам супраць бурнай плыні, усклікнуў з дакорам: «Ах, ведзьма!», і вось з таго часу, ужо якое стагоддзе, звілістая і натурыстая рачулка моўчкі і цярпліва трывае не дужа мелагучную назву, што, калі па-шчырасці, больш падобна на абразлівае мяно. Так яно ці інакш, але маляўнічая і прыгожая Ведзьма не часта трапляе ў вершы мясцовых паэтаў, хоць на яе берагах, зарослых, як звычайна, крушынай, алешнікам, вербалозам, заўсёды ставала чараўнічых крыніц натхнення для светлай, інтымна-спавядальнай лірыкі.
З часін цяпер ужо далёкай маладосці, калі я толькі пачынаў літаратурную і журналісцкую працу ў ляхавіцкай раённай газеце, мне добра помніцца, што ў прамежку паміж чыгуначнай станцыяй і горадам на балоцістую пойму тады выдаваліся шырокія плёсы, дзе ўранку можна было праплысці колькі сажняў і дзеля забавы назбіраць з пясчанага дна двухстворкавых малюскаў, марна спадзеючыся, расхінуўшы пругкія шчэмны, выкалупаць з іх перламутравую бобку жэмчугу. Такою каштоўнаю знаходкай удачнікаў іншы раз адорваюць пародзістыя сібірскія жамчужніцы, а не нашы малапрывабныя бяззубкі, перлаўкі, балацянікі, ды ранняга купальшчыка суцяшала хоць тое, што ўсе малюскі, як і стронга, жывуць у чыстай, праточнай вадзе. Сённяшнія аматары жэмчугу наўрад ці ўбачаць на плёсах Ведзьмы неверагодную процьму гэтых ціхамірных істот: яны ляжалі і плазам, і старчма вытырквалі з рачнога пяску, і выкідваліся хвалямі на бераг, аднак, скажыце, каго ўразяць малюнкі і відовішчы, якіх ты не бачыў на свае вочы?
Тым не менш паданні і легенды старой старасведчыны заўсёды выклікаюць лёгкі смутак і шкадаванне. Наўсцяж усёй віхлястай рачулкі, ад самага яе вытоку ля вёскі Падлясейкі, што на Нясвіжчыне, як сведчаць летапісы, стаялі панскія маёнткі і фальваркі ў атачэнні лесапілак, сыраварняў, бровараў і вінакурняў. Рамяством броваршчыкаў, вядома ж, у сэнсе прафесійнага занятку, валодалі не якія-небудзь сучасныя бракарабы: на Ляхаўшчыне ціснулі гарэлку, варылі піва, настойвалі моцныя духмяныя напоі з мёду не толькі для тутэйшых магнатаў, але і па замове каралеўскага двара Жыгімонта Аўгуста. Вось дзе незавядальная слава! Праўда, дзеля справядлівасці варта зазначыць, што і ў тыя далёкія стагоддзі бровары і вінакурні туліліся дзесьці наўзбоч ад людскіх паселішчаў, а навідавоку ў спаконвечных аральнікаў і сейбітаў былі ўсё ж вадзяныя млыны. Ад вярхоўя да вусця на рацэ іх стаўлялі ўсюды, дзе дазваляў рэльеф мясцовасці – удалае спалучэнне пагоркаў і лагчын для надзейнага падпору вады, і колькі яна перамалола свайго і прывазнога збожжа, напэўна, не памятае і сама вялікая працаўніца Ведзьма.
Сляды былой гісторыі – то насыпныя курганы дрыгавічоў, то зарослыя бэзам падмуркі колішніх фальваркаў, то котлішчы невядома чыіх сядзіб, не кажучы пра славуты Ляхавіцкі замак, на гэтай блаславёнай зямлі сустракаюцца так часта, што тубыльцы даўно не звяртаюць увагі нават на самыя рэдкія і каштоўныя знаходкі. Ужо за нашым часам, акурат на пачатку семідзесятых, каля вёскі Пранчакі, не вельмі і далёка ад гарадской мяжы, меліяратары з вясны мурзаліся ў Ведзьме, выпрамляючы яе рэчышча, і аднаго дня выцягнулі на бераг збуцвелае бярвенне. Старажылы, якіх і тады можна было пералічыць па пальцах, няўцямна паціснулі плячыма ды і пайшлі кожны сваёй дарогай, але знайшоўся ў вёсцы рослы дапытлівы хлапчук, каго гісторыя бацькоўскай зямлі заўсёды натхняла і хвалявала. Выпацкаўшыся ў торф, як чарцяня, цікаўны падлетак аблазіў усю горбу бярвенняў, выцягнуў з сярэдзіны абломак сатлелага драўлянага вобада і па ім зразумеў: гэта ж астаткі вадзянога млына! Знаходка на Ведзьме ў першую чаргу пацвердзіла, што Пранчакі калісьці засяліла працавітае племя – аратыя, пастухі, конюхі, пчаляры і жылі яны, мусіць, зусім няблага, калі мелі што малоць. Зразумела, у вёсцы шанавалі і іншыя сялянскія рамёствы: кавальскі і ткацкі занятак, гарбярную і шавецкую справу, а як выпадала пільная патрэба, то сваіх абаронцаў пасылалі і да збройнага чыну. З веку ў век людзі жылі, карміліся, гадавалі дзяцей, аднак па нейкай іроніі лёсу не было тут паэта, які годна ўславіў бы іх працоўныя і ратныя ўчынкі. І ён з’явіўся, гэты шчыры, інтэлегентны, проста таленавіты паэт, і, аднойчы схаваўшыся ў зацішку сівых алешын над абмялелаю Ведзьмай, ён прысвяціў роднай вёсцы шчымлівыя, задушэўныя строфы:
Прылячу, нібы з выраю птах.
Усміхнуся матулі прыветна.
У маленькіх маіх Пранчаках
Мне заўсёды самотна і светла.

Толькі тут сэрцу хораша так.
У зацішку журботных алешын
У маленькх маіх Пранчаках
Я прысню свае лепшыя вершы...

Няцяжка здагадацца, што знакамітым беларускім паэтам стаў той самы рослы і дапытлівы хлапчук, чыё сэрца з дзяцінства пры выглядзе рэшткаў колішняга вадзянога млына ажно затрапятала ад вялікага ўзрушэння і хвалявання. Канечне ж, гэта Леанід Пранчак! Бачыш, нават прозвішча сугучнае з назвай вёскі Пранчакі, дзе ў 1958 годзе паэт нарадзіўся ў працавітай сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры  АН СССР. Працаваў журналістам на радыё, тэлебачанні, у тэатры-студыі «Верасы», дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі. Праўда, аднак, і тое, што ў спадчыну ад нейкага свайго далёкага продка, можа сапраўды дрыгавіча, Леанід Пранчак атрымаў неўтаймоўны вандроўніцкі ген, бо зусім невыпадкова ў свой час ён пабываў і на будаўніцтве БАМа, і прадстаўляў інтарэсы газеты «Рэспубліка» на амерыканскім кантыненце, і так, па ўласнай ахвоце, мноства разоў пускаўся ў працяглыя падарожжы па роднай Беларусі. Хто што, а паэт з гэтых заакіянскіх і блізкіх вандровак прывозіў новыя мастацкія творы, якія і сталі асновай ягоных паэтычных кніг «Ясак любові», «Першапутак», «Вольны птах», «Біблія для каханай», важкага тома мастацка-дакументальных нарысаў «Беларуская Амерыка», зборнікаў вершаў для дзяцей «Дзяўчынка беларуска», «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю». Кожная з названых кніг пераканаўча засведчыла, што аўтар у літаратуры працуе сур’ёзна, з трывожна-звярэдлівай думай «пакіну што наступнікам і ўнукам», па цаліку, па нерушы пракладаючы торны няходжаны шлях да шчаслівых адкрыццяў і векамгненных азарэнняў пяшчотна-прасветленай душы.
Творчасці Леаніда Пранчака ўласцівы свежасць бачання сучаснага жыцця, частыя спасылкі на ўласны вопыт, даверліва-спавядальныя інтанацыі, што якраз і вылучае яго ў шэраг вядомых паэтаў лірычнага складу. Усё тут будзе правільна: ён і пясняр прыроды, ён і пясняр чалавечага настрою. Лірыка паэта, закранаючы эмацыянальныя кропкі чытача, нават з першых вершаў, надрукаваных калісьці ў студэнцкім калектыўным зборніку «Вёсны», грунтуюцца не толькі на чыстых пачуццях, але і на меладычнасці радка, пластыцы слова. Тут заўсёды да месца мастацкая вобразнасць з выкарыстаннем свежых метафар, алітэрацый, эпітэтаў і іншых паэтычных тропаў: «А наогул, як нам здаецца, адметнасць стылёвага почырку Леаніда Пранчака з’яўляецца ўменне выказацца задушэўна-проста, пранікнёна, роздумна і – падкрэслім яшчэ раз – напеўна-мілагучна, паяднаўшы ў вершаваным радку музыку і пластыку», -- слушна заўважыў у артыкуле «...Пачуццяў шчырых схова» даследчык творчасці паэта Алесь Андруковіч. Лірыка яркай пачуццёвасці, асаблівай пяшчоты і гармоніі, дзе з’ядналіся і дынаміка слова, і музычны лад паэтычнага ўспрымання свету, прыйшлі пазней, з жыццёвым і творчым вопытам, а напачатку было простае, узнёсла-пафаснае, трэба сказаць, даволі празорлівае пажаданне:

Музыкай, радок мой, ажыві.
Песняй стань, матулінае слова.
Ціхі верш – пачуццяў шчырых схова.
Музыкай, радок мой, ажыві.
Радасцю спасцігнутай любві,
Цеплынёй, пяшчотнай і вясновай.
Музыкай, радок мой, ажыві.
Песняй стань, матулінае слова.

Гэтае, забранае ў строгія рамкі трыялета, як і другое пажаданне паэта: «О, дай мне, лёс, застацца хоць бы гукам у роднай мове матчынай зямлі!», зразумела, мелі пад сабой трывалую глебу. Ужо ў самых першых вершаваных радках Леаніда Пранчака, напісаных і надрукаваных яшчэ ў школьныя гады, моцна адчулася прысутнасць народнага меласу – імкненне да гармоніі, хараства, ідэальнага стану душы і чалавечых пачуццяў, што ўвогуле называецца любоўным пачаткам жыцця. Але той, хто хоць раз пабываў у Ляхавіцкім раёне, на радзіме паэта, здзіўляцца не будзе. Вёска Пранчакі і ўся прылеглая мясцовасць спакон веку славяцца багатымі песеннымі традыцыямі, паэтычнымі натурамі, беражлівымі адносінамі людзей да памяці продкаў. Тутэйшыя краязнаўцы з вялікім гонарам раскажуць, што ў суседнім маёнтку Флер’янова калісьці два леты запар адпачывала знакамітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, аўтар неўміручай аповесці «Хам» і рамана-эпапэі «Над Нёманам», пакінуўшы аб гэтым маляўнічым краі светлыя згадкі ў сваіх лістах да знаёмых і блізкіх. Моладзь вёскі – музычныя хлопцы і дзяўчаты з не меншым гонарам нагадаюць выпадковаму ванроўніку пра Леаніда Пранчака, заклічуць у хату і за гасціннай бяседай пракруцяць не адну кружэлку альбо касету з запісамі песень паэта-земляка, таксама ўжо шырока вядомага на абсягах беларускай нацыянальнай культуры. Да ўсёй ягонай творчасці лепшым эпіграфам, безумоўна, маглі б паслужыць наступныя строфы:

До слоў! Было іх многа.
Кахаю і грашу.
Нікога і нічога
Затое не прашу.

Нічога і нікога!
Павер маёй мальбе:
Кахаю толькі Бога.
І крышачку — цябе...

Навакол вёскі Пранчакі ў любы час года стаіць сапраўды блаславёная ціш, кідкая палявая прыгажосць, а калі выбіцца за ваколіцу і падняцца на стромы пагорак, то вачам адкрыюцца  такія ж маляўнічыя краявіды суседняй вёскі Вялікае Падлессе, дзе і сягоння не моўкнуць вабныя галасы і падгалоскі народнага хору, створанага калісьці славутым маэстра Генадзем Цітовічам. Вось адкуль у Леаніда Пранчака выток яго шчырых і пяшчотных, беларускіх па духу і настрою песень, вось адкуль непадробная напеўнасць і меладычнасць яго лірычных вершаў, якія вырываюцца з душы паэта, канешне ж, не толькі для таго, каб адразу заляцець на якісь нотны аркуш і радасным гімнам жыццю, сяброўству, каханню затаіцца ў шэрым дыску кружэлкі. Так, ёсць у даволі маладога яшчэ творцы мноства паэтычных строф, што ніколі не стануць песнямі і нават не задумваліся як песні, аднак усе яны вызначаюцца душэўнай дабрынёй, адкрытасцю інтанацый, чысцінёй пачуццяў, хоць інакш і быць не можа, калі гэтыя пачуцці запальваюцца ад нязгаснага свячэння таямнічай божай іскры:

Трызнячы ад болю на зары,
Як прароцтва, я прысніў нагдове:
З Богам гавару на роднай мове.
Мне б яшчэ з людзьмі пагаварыць...

Тлумачэнні тут наўрад ці патрэбны: «Покуль мы гаворым і пяём, мова беларуская – жывая!», і тым болей, што размаўляць з людзьмі намнога прыемней, калі ты аўтар лібрэта поп-опер «Максім» і «Беларушчына», кампакт-дыска «Галоўныя словы». Зразумела, падлічваць зробленае паэтам – справа няўдзячная, але добра вядома, што на вершы Леаніда Пранчака напісана больш за 200 песень, сярод якіх сапраўднымі шлягерамі сталі «Каля Чырвонага касцёла», «Даставай, Язэп, гармонік!», «Паклонніца», «Сумны саксафон», «Цёмнавокая пані», «Найлепшая ў свеце жанчына», «Каханая». Да іх стварэння прычыніліся такія папулярныя кампазітары, як Л. Захлеўны, В. Іваноў, Э. Ханок, Зм. Яўтуховіч, а сярод спевакоў і калектыўных выканаўцаў цэлае сузор’е талентаў: І. Афанасьева, В. Дайнека, Ю. Багаткевіч, Я. Навуменка, А. Ярмоленка, «Сябры, «Верасы», Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. Вось і нядаўна творчая фірма «Каўчэг» выпусціла новую касету Леаніда Пранчака пад назвай «Талака», дзе сабраны найбольш ужытковыя песні пра Беларусь. Не лішнім будзе зазначыць, што творчасць маладога аўтара цёпла сустрэта ў свеце, бо яго вершы, пакладзеныя на музыку, выдаваліся на кружэлках і касетах у Расіі, Польшчы, ЗША, пераўвасабляліся на рускай і англійскай мовах.
У кнізе Леаніда Пранчака «Вольны птах», якая выйшла ў папулярнай серыі «Бібліятэка часопіса «Маладосць», надрукаваны песні і вершы паэта розных гадоў, розных напрамкаў і стыляў, але ўсе яны аб’яднаны гарачай любоўю да свайго беларускага краю, і таму вельмі прыемна, што паэтычны радок «З Богам гавару на роднай мове» не стаўся для творцы толькі пустой дэкларацыяй. З самай першай старонкі, «згубіўшы ўсякі страх», паэт вольным, крылатым птахам лунае між небам і зямлёй, а з вышыні, як вядома, бачна ясна і далёка. Абвостраная паэтычная думка сягае Айчыны, бацькоўскага дома, дзе «спеліцца надзеі кволы колас» і «жыве, не змаўкае крынічны голас». Сёння, калі гвалтоўна рушыліся маральныя асновы грамадства, сапраўды гэта складаная задача – не толькі з Богам, але і з людзьмі размаўляць на роднай беларускай мове. Тыя, чыя халодная, рацыяналістычная вершатворчасць не кранае ні душу, ні сэрца, моляцца на Парыж і на «Лёндан», забываючы пра сваю апаленую Чарнобылем зямлю, але ў сапраўдных паэтаў такой па-дзікунску кароткай памяці не бывае. І таму не дзіўна, што Леанід Пранчак заклікае «ўспомніць, хто мы ёсць, што мы – гаспадары!», надзяляе чытачоў верай: «Любоўю Беларусь мы здолеем сагрэць у еднасці людской, а не ў зацятай змове». Простыя на першы погляд ісціны і высновы, адухоўленыя шчырым пачуццём, увачавідкі набываюць магічную сілу заклінання, і тады прыходзіць усведамленне свайго чалавечага абавязку не даць памерці апошняй надзеі, бо наша ўвогуле журботнае, беспрытульнае жыццё ўсё-такі яшчэ здольнае падарыць хоць кропельку радасці, хоць дробачку шчасця:

Як ручаёк лясны ў нячэпанай цішы
Звініць і ўдаль плыве, як пошум спелай нівы,
Як зорны перазвон – мелодыя душы, --
Маёй Айчыны спеў – высокі і праўдзівы.

Але, як бы зноў і зноў увагу чытачоў не запынялі патрыятычныя, «айчынаспеўныя» радкі, дамінантай гэтай прывабнай і па-мастацку дасканалай кнігі «Вольны птах» было і застаецца каханне. Самі па сабе цікавыя назіранні і выказванні аўтара, што ідуць ужо ад сталага жыццёвага вопыту і не менш – ад усхваляванай, па-юнацку рамантычна-ўзбаламучанай душы. На пачатку творчай дарогі Леанід Пранчак каханне параўноўваў з пажарам, у якім можна згарэць і не заўважыць, бо той пажар ніхто не патушыць, і для чароўнай пары маладосці, безумоўна, то было вельмі правільнае адкрыццё. З цягам часу, калі пакрысе ўтаймоўваюцца гарачыя пачуцці і хлапечая сваволя ўваходзіць у свае берагі, полымя кахання шугае ўжо не так апантана, паступова сыходзячы да роўнага і яркага агеньчыка звычайнай стэарынавай свечкі.

Пагасне свечка у руках
На скразняку ў дзвярным праёме...
Майго кахання дзікі птах
Жыве ў тваім бязлюдным доме.

Ты расчыні сваё акно,
Ты адпусці на волю птаха.
І выпі горкае віно
За невядомага манаха...

Дзікаваты, як і неспадзяваны, гэты валацуга манах, такое ж, мабыць, няпростае і непрадказальнае ягонае каханне, бо, пакуль яшчэ гарыць свечка ў дзвярным праёме, на старонках па-сапраднаму таленавітай кнігі адбываецца багата паэтычных цудаў, часцей за ўсё створаных і ўвасобленых у дасціпных вобразах прасторава-мастацкім уяўленнем Леаніда Пранчака. Асенняй ноччу, калі «асыпаецца лісце пад гукі дажджу», знаёмы ўжо нам шчодралюбны лірычны герой, «апякаючы вусны усмешкай спакусы», не раз згадае ў цішы то «цыганскія вочы журбы», то вясёлыя жарты вясковай свавольніцы, то «пад сум далёкіх зор» нечакана нават і для сябе апынецца «на воблаку белым ля небакраю», дзе «ты засынаеш і я засынаю». Паэт як бы мімаходзь сцвярджае: гэты дзівосны і зорны лістападаўскі вечар вельмі проста можна перакласці на музыку, якая «засцеражэ ад злой напасці на нечаканым віражы». Толькі прыслухайся, і вось ужо сапраўды несуцешна плача «Сумны саксафон», у сутонні знямелай кватэры азваўся «Старадаўні раяль», і дзесьці на Браслаўскіх азёрах гарэзліва-вясёлы Язэп расцягнуў свой знакаміты гармонік. Але куды знік раптам здарожаны манах, ды, зноў жа, як з яго царкоўным санам стасуецца звычайнае зямное пачуццё? Аказваецца, непрыкаянаму вандроўніку дадзены апошні шанц «сагрэцца разам ля агню яшчэ нязведанай пяшчоты», і найперш таму, што менавіта для яго «каханне – боль, нясцерпны боль датуль, пакуль яно – каханне». След узбунтаванага пустэльніка губляецца сярод класічных ямбаў і харэяў, у буянстве прыгожых метафар і алітэрацый, аднак уражлівая душа нязменна там, дзе ў змроку ўсё яшчэ паблёсквае калісьці запаленая свечка, трапяткі і дрыготкі агеньчык якой наскрозь прасвечвае ўсю кнігу лірычнай паэзіі «Вольны птах».

Забыў твае песні – усе да адной,
Спаліў твае пісьмы дазвання...
Ды вечны твой сум будзе вечна са мной,
Як памяць былога кахання.

У храме Жыровіцкім свечка гарыць –
Любові тваёй сарамлівая сведка...
Мне помніць цябе і аддана любіць.
Каханне маё – непагасная свечка.

Што б тут ні казалі, а паэт Леанід Пранчак усёй сваёй творчасцю прапаведуе рамантычна-шляхетны тып кахання, у якім журбы часам болей, чым светлых хвілін. Акрамя непагаснай свечкі, у гэтым каханні ёсць усе прыкметы шчасця: белы вальс і старадаўнія рамансы, пунсовыя ружы і жоўтыя вяргіні як сімвал расстання, ёсць, у рэшце рэшт, тонкі бакал і з глыбокім дном фужэр. Налівай, калі ласка, па ўласным гусце ці шыпучае мінскае шампанскае, ці сонечнае каліфарнійскае віно. І згадка пра заморскі напой, зноў жа, невыпадковая. На тытуле нядаўна выпушчанай аўдыёкасеты «Талака» – каляровы фотаздымак, дзе паэт у шортах і гаматной чырвонай блузе, як той бусел на адной назе, кунежыцца ў блакітных хвалях нейкага невядомага вадаёма. Бястрасны камп’ютэр абапал шырока раскінутых рук намаляваў контуры птушыных крыл, штосьці накшталт арланавых, і ствараецца ўражанне, што шчасліва-ўзрушаны творца спрабуе ўзляцець у нябёсы, хаця куды тут паляціш, калі пад нагамі, аказваецца, распляскаўся не проста вадаём, а неабсяжны Атлантычны акіян. Леанід Пранчак, як ужо вядома, доўгі час жыў у Нью Джэрсі і ў гэтым Атлантычным акіяне абмываў свае вандроўніцкія ступакі, з таго далёкага падарожжа прывёзшы ў Мінск мноства настальгічных вершаў пра Беларусь і ёмістую кнігу публіцыстыкі «Беларуская Амерыка», складзеную з цікавых дакументальных матэрыялаў аб няпростым лёсе і жыцці нашых суайчыннікаў за мяжой. Там, у Амерыцы, Леанід Пранчак напаткаў, дарэчы, і сляды свайго славутага земляка Мацея Рэпкава-Смаршчка, ураджэнца вёскі Вялікае Падлессе, адкуль наогул выйшла шмат таленавітых людзей, а Мацей Рэпкаў-Смаршчок у літаратурных колах знаны як паэт Анатоль Бярозка, і гэта ад падлескай зямлі напеўнасць і шчырасць, нязмушанасць і меладычнасць ягонай паэзіі. Перапіска двух паэтаў-ляхаўчан, старога і маладога, можна сказаць, амаль што аднавяскоўцаў, працягваецца і па сённяшні дзень.
Відаць, справядліва гавораць, што вельмі многія паэты, нават раздзеленыя ўзроставым цэнзам – сівая мудрасць і юнацкая самаахвярнасць, маюць надзіва блізкія, сваяцкія душы, асабліва, калі гэтыя паэты – землякі, родам з адных і тых жа мясцін. Гадоў ужо немалога ліку, Анатоль Бярозка, жывучы ў недасягальным амерыканскім штаце Мінесота, з упаўне зразумелай настальгіяй згадвае «край палеткаў ільняных у ранні светлага дня, у васільковае сіні ўзорах», яму сніцца і сніцца «вецер той свежы з-пад Нёмана, Лані...» Вяртаючыся дахаты, на сцежкі свайго вясковага малентсва, з куды карацейшых жыццёвых шляхоў і дарог, малады Леанід Пранчак з не меншай любоўю і пяшчотай, чым яго заакіянскі калега, прывячае  і бацькоўскую хату, і знаёмыя змалку курганы-валатоўкі, і ніцыя вербы наўсцяж усё яшчэ буркатлівай і неўгамоннай рачулкі Ведзьмы. Паэт добра разумее: дзе б ён ні блукаў па белым свеце, «а чакаюць мяне толькі тут, толькі дома!», і гэтую, увогуле невытлумачальную, радасць сустрэчы з «росным берагам лагоды і сонца», Леанід Пранчак надзвычай усхвалявана і дакладна выказаў у вершы «На роднай зямлі»:

Добры дзень, астравок прыгажосці і ласкі,
Да цябе шляхі прывялі.
Як даўно я не слухаў такой цішыні,
Я не бачыў такой чысціні
На роднай зямлі!

Мілы кут, не забуду цябе я ў расстанні,
Зберагу твае васількі.
Я хачу наталіцца тваёй дабрынёй
І сагрэцца тваёй цеплынёй
Ля чыстай ракі.

Чыстая рака, чыстая вада, чыстая, як сляза, паэзія – гэты амаль сінанімічны рад зусім невыпадковы ў шматграннай творчасці Леаніда Пранчака, чый паэтычна-песенны талент дужа любяць і паважаюць не толькі землякі-ляхаўчане. І няхай даўно прыгорбіліся каля бацькоўскай хаты тыя пасівелыя вербы, няхай учарнелі ацалелыя  пасля меліярацыі старыя алешнікі, паэту ў маленькіх яго Пранчаках па-ранейшаму самотна і светла, хоць вяртацца сюды, у родны кут, дзе назаўсёды засталася часцінка душы, цяпер трэба з вінаватай усмешкай і шчырай сыноўняй просьбай-прабачэннем: «Ты, матуля, даруй, што я госць твой нячасты...»

Віктар Гардзей


Рецензии
Выдатны нарыс. Прачытаў з задавальненнем. Вiктар Канстанцiнавiч, дзякуй Вам, было цiкава!

Леанiд, я рады пазнаёмiцца з Вашай творчасцю.

Махнач Сяргей.

Вершы   09.04.2014 11:10     Заявить о нарушении