Я - бег нябачнае хвiлiны...

Я -- бег нябачнае хвіліны,
Бясконцых сьветаў адгалоскі.
Кручу няспраўджаны гадзіньнік
На растанях прароку-лёсу.

Як сьнег на зломаных ігліцах
Гуляе з хлюпаю-мазэпай,
І я бяз Вас, мая дзяньніца,
Як та Марыя безь Язэпа.

Я -- вашых думак люстраваньне,
Я -- хваляў мокрая празрыстасьць.
Вы -- кніг начовае чытаньне
І міжрадковых сэнсаў існасьць.

Я -- сон, маўклівая адлегласьць,
Я -- толькі слова у дарогу,
Душы вандроўная бязьмежнасьць,
Вачэй зялёных засьцярога.

Вы -- сіняй птушкі крылаваньне,
Пячораў скальныя малюнкі.
Мы -- вір нязбытнага спатканьня
На павятровых пацалунках...


Рецензии