Брама

Я набліжаюся да старай роднай брамы
І з болем ў сэрцы дакранаюсь да яе.
Яна здавалася ў дзяцінстве велізарнай,
А зараз – ледзве да падпашак дастае…
Яна была калісці светлаю і чыстай
І пахла свежаю драўнінай па расе,
А зараз мхі на ёй, лішайнікі павіслі,
Нібы герлянды, паласа на паласе…
Раней квітнела побач з ёй страката клумба,
А зараз шэры сумна высіцца палын…
І я ад слёз тугі сціскаю моцна губы:
Струхлеў зусім майго дзяцінства мілы тын.

Ля брамы той мяне заўсёды ты чакала,
І ў неба радасна любіла падкідаць…
Я так сумую… Мне шкада так, горка, мама,
Што ты не выйдзеш мяне зараз сустракаць…


Рецензии