Ужо было падумау я...

***
Ужо было падумаў я,
Што дзень – дарэмны,
Што толькі гэта мітусня,
Дождж непрыемны.

Ужо было падумаў так,
І сумна стала,
Што небарака з небарак,
І жыць мне – мала.

Але, відаць, на свеце ёсць
Такія струны,
Што нават і нязваны госць
Кране буруны

Жывой няўрымслівай душы,
Душы бясконцай
І скажа: "Сумна не пішы,
Я – пад аконцам."

Усмешка свеціцца твая –
Дзень не дарэмны!
"Заходзь, жаданая мая…"
І дождж – прыемны.

08. 11. 2013 г., Мінск


Рецензии