Па сон-траву
Але дарыць букеты кветак, акрамя як на 1 верасня і 30 мая,не было прынята. А вось схадзіць вясной у лес па сон-траву ці па ландышы было справай звычайнай. А калі не схадзіць, а з'ездзіць! На матацыкле!! "Мінскім"!!!Ды з самім Лёнікам! Гэта ж дзве вуліцы табе год зайздрос-ціць будуць. Бо Лёнік , як ружа ў садзе, у нашым дзявочым асяроддзі, а сімпатый нікому не выказвае.А тут кліча па сон-траву. Амаль сон!Еду.
Уладкавалася на мяккім сядзенні.На запрашэнне трымацца моцна за бакі сарамліва адмаўляюся(выхаванне не дазваляе) і бяруся за вузенькі раменьчык на сядзенні.Пыл узняўся за намі па вуліцы, куры незадаволена пакінулі свае пазіцыі,і,здаецца, уся вуліца ўздыхае ад зайздрасці.
Едзем паўз чыгунку. Вецер абдувае твар, ускудлачвае валасы. Лес чакае, кветкі трывожаць душу...Раптам матацыкал рэзка набірае хуткасць і з разгону ўзбіраецца на бугор!Але рамантычны настрой ахапіў не толькі маю душу, але і рукі. Яны лёгенька саскочылі з таго раменьчыка і адпусцілі мяне ў свабодны палёт. Нават калі мае рукі-крылы і зрабілі некалькі плаўных узмахаў,паляцела я, зразумела, не ўверх, а прызямлілася ўсёй сваёй часткай "ніжэй таліі" на мяккую дзярнова-падзолістую глебу.
Хутка Лёнік заўважыў, што паклажа згубілася, і вярнуўся. Але згубіўся і рамантычны настрой, таму сон-травы мы з Лёнікам больш не шукалі.
Свидетельство о публикации №113110800262