Хай нехта круцiць пальчыкам ля скронi...

Хай нехта круціць пальчыкам ля скроні,
А нехта - насміхаецца мне ўслед,
Але ж, пакуль пісаць не забароняць,
Я буду кідаць вершы ў белы свет.

Яны мне – не забава і не ўцеха,
А нешта, без чаго не пражыву:
Пачуцці, ператвораныя ў рэха,
І думкі, што злятаюць ў галаву…

Яны – мая надзённая патрэба,
Раскоша, без каторай сумна жыць -
Такая ж, як вада, і луста хлеба,
І прывіднай надзеі міражы.

Бяру штодзённа ў рукі паасобку,
Падкідваю, бы белых галубоў -
І новыя становяцца ў чародку
Ў разліку на пашану і любоў.

Ўзнясу - няхай ляцяць па волі лёсу,
Спрабуюць душы нечыя сагрэць..
Мо штосьці і падымецца ў нябёсы,
І будзе там жаўронкамі звінець…

Астатнія ж хай сеюцца насеннем
Туды, куды іх ветрык занясе.
Мо ў добрай глебе ў цёплы дзень вясенні
Штось парасткам да сонца прарасце.

А тое, што нікому не цікава,
Хай згубіцца дзе-небудзь, нібы пыл…
Яно на лепшы лёс не мае права,
З якой бы гліны творца не ляпіў…


Рецензии