Свiтае...

Світае... У алькоў
 дрымотнага сусвету
 ўрываецца шыццё
 праменняў залатых
 і танцы матылькоў,
 што радуюцца лету,
 вітаючы жыццё,
 праяўленае ў іх.

 У пацеркі расы –
 у россып дыяментаў –
 глядзіцца небакрай
 і цешыцца гульнёй
 вясёлкавай красы,
 разбітай на фрагменты –
 на дробны сонцаграй,
 запалены вясной.

 Ружовае жэле
 змяняецца на просінь.
 Зараначкі запеў
 падхоплівае шпак…
 І рэха ўсё далей
 разносіць шматгалоссе
 над морам сонных дрэў,
 абуджаных няўзнак.

 Над золатам палёў,
 над зеленню ялінак,
 над срэбрам ручаёў,
 сінечаю азёр
 узносіцца любоў
 на крылах лебядзіных.
 Мацней за сілу слоў
 магутны гэты хор.

 Асветлены абшар
 свяціцца і святкуе
 найноўшую главу
 прывабнейшай пары.
 І кожная душа
 спявае “Аллілуйя”
 Нябачнаму – Таму,
 Хто гэта ўсё стварыў.

7.06.2013


Рецензии
таццяна,вы так прыгожа,зграбна,па майстэрску вобразна,з высокім захапленнем,з сэнсам які увачавідкі перадае захапленне што стварацца світанкам....усе у тэму і пра любоў, і аб старальніку усяго нашага зямнога...апроч усяго ,добра вытрымліваецца рытм верша,есць месцамі вельмі удалая рыфма....і гэта не усе...культура вершаскладання на добрым узроўні.....ну як не сказаць аб удала выбранай тэме....аб добра і паслядоуна ракрытай тэме.....аб тым што кожны сказ кожнае слова словаспалучэнне і кожная літара нацэлены на загаловак,на тэму і не адхіляюцца(што вельмі важна)ні у які бок...і яшчэ....трэба быць сляпым каб не убачыць глухім каб не пачуць абыякавым каб не адчуць не успрыняць глыбокасць і прыгажосць,насычанасць і багатасць,мілагучнасць і мядовасць нашай беларускай мовы....вам у гэтым вершы удалося.....мой вам паклон...поспехау вам у творчасці...жыве Беларусь!

Владимир Гайдук   06.10.2016 16:53     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.