Замова
Складу-замоўлю-зашапчу
на сон прарочую замову:
я так жадаю, так хачу,
каб ты заўжды была здаровай!
Бывай здарова – здаравей
на цёплым сонейку вясновым
і слухай спевы – салавей
табе пяе невыпадкова.
Бывай здарова – каб любіць
мілОга сябра – свайго мужа –
і тонка ткаць адносін ніць –
і са слабінкай быць, і дужай.
Бывай здарова – бо табе
на свеце шмат работы будзе:
сваю дачушку (можа й дзве?)
й сыночка вывесці "у людзі".
Бывай здарова – здаравей
за ўсіх мядзведзяў-здаравякаў!
Квятушкай травеньскай квітней
і за здороўе Бога дзякуй!
Бывай здарова й дзеля нас –
паэтаў ТУТашняй галіны:
каб не ўзбрыкнуў сівы Пегас
і нас не строс у каляіны.
А каб здароўечка ўдыхнуць
ад сіл зямлі, ад моцы неба,
скажы "Здарова я!" – і будзь.
І не знікай! Ты нам патрэбна!
31.05.2013
Свидетельство о публикации №113053100802