Птушкай ля сонца

ПТУШКАЙ ЛЯ СОНЦА

Дзень вясновы адчайна
Шкрабецца ў акно матыльком.
Недасяжнасць любові тваёй -
Неадольнай самоты прычына.
Вые вецер сцюдзёны
Галодным бадзяжным ваўком.
О вясна! О красна!
Прыгажэйшая ў свеце жанчына.

Таямніца мая,
Ты світальны адбітак зары.
Перажыўшы зіму,
Не залежыш цяпер ад настрою.
Я твой боль, я твой сум,
Твой надрыўны і радасны крык.
Непазбежны, як ноч,
Што крадзецца штоноч за табою.

Мне цяпер не ўявіць,
Што было б  без цябе на зямлі.
Я ад шчасця на небе.
Я птушкай ля сонца крыляю.
Дзякуй ранішняй зорцы,
Дзякуй светламу мігу, калі
Ты ўсміхнулася мне,
І прамовілі вочы:
Кахаю!


20 красавіка 2013


Рецензии