Калiсьцi праз паселiшча адно...

Калісьці праз паселішча адно
 Гасподзь у коле вучняў сціпла крочыў.
 Вакол сабраўся здзеклівы натоўп
 І ўзяўся зневажаць Ісуса ў вочы.

Ды дзіва – Чалавечы й Божы Сын
 Стаяў і так паблажліва ўсміхаўся,
 Што чалавек збянтэжаны адзін
 Сумеўся дый усклікнуў, не ўтрымаўся:

“Гасподзь! Няўжо ты гэтак любіш нас,
 Што нават не адкажаш на абразу?”
 Хрыстос рассыпаў жэмчуг у адказ –
 Аднім спакойна вымаўленым сказам:

"За што нябог-гаротнікаў караць –
 Знявераў, у няведанні няшчасных?
 З нас кожны толькі тое можа даць,
 Што мае ў кашальку сваім уласным…”

19.01.2011


Рецензии