Гiмн вясне
да халоднай графікі зімы
пабуджае птушак-менестрэляў
сачыняць любоўныя псалмы –
апяваць хвалою паднябессе,
праліваць падзяку над зямлёй.
Шматгалоссе палкай гэтай песні
ап’яняе дзіўнай навіной,
растапляе гоманам вясёлым
сталактытаў кропельных крышталь,
азарае подыхам вясновым
бірузой расквечаную даль.
І звініць, і льецца паімгненна
вераб’іным “Чый ты? – Ты чыя?”
над бліскоткай сонечных праменяў
у гуллівым срэбры ручая.
А пасля ласкавым датыкненнем,
абудзіўшы дрэвы і кусты,
выклікае подыхі натхнення
і чаруе ззянем мілаты.
І штодня на крылах ветравею
ўсё смялей змятае зімні сон
і пяе, пяе – аж сэрца млее –
акапэльна, хорам, ва ўнісон.
10.03.2013
Свидетельство о публикации №113031009890