Баба Валя - экстрымалка

Аб'явіла баба дзеду:
"Заўтра я на мора еду.
І сама ў ім паляжу,
І унуку пакажу."
Ты ж даляры не хавай.
Даставай і нам давай."
Не адкажа дзед унуку.
Бабе гэта ўсё на руку.
"Эх, на дзедавы даляры
Дам я там, на моры, жару".
Тут жа ў фірму пазваніла,
Ды пуцёўку закупіла.
Ну, й паехала.І скора
Першы раз прыйшла на мора.
Сонцу пуза паказала
І крыветак пажавала
Потым кажа ўнуку:"Можа
З'ездзіць нам у падарожжа?
Есць экскурсія на востраў."
Трапіць жа туды няпроста.
Лодка з гумы ( без падману)
Назвываецца бананам.
Села баба -вось дык штука.
Прыхапіла 'шчэ і ўнука.
Побач моладзь прысядае
Ды на Валю паглядае.
Хлопец ,чорны, нібы галка,
Шэпча :" Бабка - экстрымалка."
Бабка ж смела выглядае,
Паміж ног банан трымае.
З нейкай гумай у руках,
З ёмкай торбай на плячах.
А у ёй: фатапарат,
Тэлефон (хаця наўрад
Ён спатрэбіцца) і грошы,
Кашалёк такі харошы.
Ну,й люстэрка там,парфума...
Каб на востраве без суму
Быць гадзіну.Можа там
Сэрвіс прапануюць нам?
Моладзь весела рагоча.
Ведама, прыгодаў хоча.
Ірвануўся кацер з ходу.
На банане тым народу
Стала трошку страшнавата.
Усе трымаюцца заўзята.
Нацягнулася вяроўка,
І па хвалях лодка лоўка
Са скачкамі ўперад рвецца.
Ўнук заходзіцца- смяецца.
Баба ж ногі заціскае-
Ані духу ! Так трымае
У руках вяроўку спора,
Што знямелі мышцы скора.
Выйшлі ў мора, і скачкі
Сталі большымі.Зрачкі
Скора вылезуць з вачэй.
Усе крычаць:"Хутчэй! Хутчэй!"
А у Валі шэпчуць губы
Ужо малітву. 'Мо, ад згубы
Захавае Божа мілы.
Каб хапіла толькі сілы
На банане утрымацца
Ды да вострава дабрацца.
Можа, дасць мне Бог, даеду.
Каб убачыць толькі дзеда
Перад смерцю яшчэ раз,
Калі ўжо прыйшоў мой час.
А назад? -Не,не паеду.
Хай тэлефануюць дзеду,
Хай унука забірае,
Ну,а мне той востраў Раем
Будзе да сканчэння веку.
Колькі трэба чалавеку?
Недалёка да бяды.
Торба поўная вады.
Тэлефон з фатапаратам
Ўжо жывыя ў ёй наўрад ці.
Столькі думак за гадзіну!
Ўжо скавала колам спіну
І здранцвелі рукі, ногі
Ад такой язды-дарогі.
Не да вострава.Як села
Каля берага, сядзела,
Аж пакуль з экскурсаводам
Ўсе вярнуліся.З народам
На банан не лезе Валя,
Хоць і ўціхлі тыя хвалі.
"Вы мне што ні гаварыце,
Не паеду.Завязіце
Толькі ўнука хоць на базу."
Неяк "уламалі" разам:
Бабу ў кацер усадзілі
І прывезлі.Не хадзілі
Ногі так, як трэба, тыдзень.
Тэлефон накрыўся, злыдзень,
Хоць і фенам прасушыла.
Новы ў горадзе купіла.
Аддала ўсе даляры.
Ні да пылу,ні да жару.
Пазваніла мужу ціха.
Ўнук жа,як на тое ліха,
Тэлефон у рукі ўзяў
І ўсё дзеду расказаў.
Дзед жа востры на язык:
Ўсё уколе, нібы цвік,
Усё сюд-тут, і прыгадае,
Перакрывіць, як сядае
Баба Валя на банан
І спытае, шарлатан:
"Ну,то як ты на даляры
Задала на моры жару?"
               (Апублікавана ў газеце " Дзянніца") 
   


Рецензии