Зiма. Завеi

Зіма. Завеі. Халады.
 Камін патрэсквае паленнем.
 А за акном цвітуць сады
 дзівосным морам белапенным.

 Святло струменіцца з-за штор,
 кладзецца ўсмешкаю на твары –
 і цягне бегчы на прастор –
 туды, дзе снежань гаспадарыць.

 Туды, дзе вечнасць да вясны,
 але паўсюль уюцца мухі –
 калі пярыны-дываны
 ўзбівае пані завіруха.

 Падушкі снежныя трасе
 над пышнай коўдраю пуховай.
 і, не прысеўшы, пакрысе
 мяняе посцілкі нанова.

 І ўдзень, і ўноч шукае, дзе
 зрабіць чарговую прыборку.
 І так шчыруе, так мяце,
 што аж на вейкі лепіць пёркі.

 І ўсё імкнецца неспадзеў
 кусточкам вымудрыць прычоскі
 і з учарнелых сонных дрэў
 стварыць бялюткія бярозкі.

10.02.2013


Рецензии