Рэйцiнг сексуальнасцi

Адзін валютны трэйдар геніяльны –
 якісьці там загадкавы Кіт Джакс –
 саставіў спіс валюты сексуальнай
 і ўшчэнт ашаламіў тутэйшых, нас.

Хаця і шмат валюты нам знаёма,
 ніхто дагэтуль так не разважаў:
 якія грошы – гетэра- ці гома-
 у светлы дзень зарплаты атрымаў.

Як кажа Кіт, няма прывабней кроны.
 Нарвегія – спакуса для мужчын.
 У дзіва з грошай кожны улюблёны,
 а больш за ўсіх – аматары жанчын.

Пасля ідуць дзівосныя даляры –
 з Аўстраліі, дзе нас няма, на жаль.
 На іх – красуня, бы з хлапечых мараў –
 з такою хоць на працу, хоць на баль.

Не горш новазеландскі нейкі ківі,
 хаця, напэўна, не такі смачны,
 як той, што побач з фруктамі другімі
 ёсць на прылаўках нашай глыбіні.

Затым у спісе йдуць рудыя франкі.
 На іх не ясна – баба ці мужык.
 Але ці ёсць такія ў нашых банках?
 Вось у швейцарскіх знойдзеш іх уміг.

А ў шведскіх, калі некаму цікава,
 вас кронай пачастуюць – хоць ты еш.
 І будзеце захоплены выявай –
 такой, што ажно просіцца у верш.

Для іншых, гэтак скажам, інтарэсаў
 наш трэйдар прапаноўвае прэзент:
 мужык на мексіканскім шэрым песа
 сапраўдны – хоць не наш – інтэлігент.

Хаця і шмат паперак сабраліся,
 і ўсе – не унісексі, далібог.
 Адна недасканаласць ёсць у спісе:
 пра нашы, пра мясцовыя – маўчок.

Няўжо ж у нас красунечак нястача?
 І хлопцы ёсць – замежных прыгажэй…

Гляджу на нашы грошы – ледзь не плачу.
 Чаму яны і тут за ўсіх ніжэй?

6.02.2013

Па навіне з Тутбая: http://finance.tut.by/news333462.html


Рецензии