Зноу над скрыняй паштовай...
паглядам сваім завісаю,
як да цуда гатовы
сапраўдны ілюзіяніст:
ці не з’явяцца словы,
якія так доўга чакаю –
палымняныя словы:
“Адзін непрачытаны ліст?”
Як умею, чарую,
пасланне, бы шчасце, гукаю.
Да святла вечарую,
марную і вочы, і час…
На світанні лікую:
“З’явілася! Вось яно! Маю!” –
і ў хвіліначку тую
ўпадаю ў сапраўдны экстаз.
Прадчуваючы ўдачу,
маруджу зайсці і праверыць,
хоць і верую ў тое,
што гэта пісьмо ад яе.
Быць не можа іначай!
І гэтай мне веры не ўмерыць.
Прадчуванне – святое!
О, як мне ліста не стае!
Вось, нарэшце, заходжу,
на пімпачку цісну рахмана.
Суцішаю дыханне,
набатам забіўшую кроў...
І канаю… О, Божа!
Рэклама! Ашмоцце са спама!!!
Гэта не ад каханай!!!
Саджуся... Чарую ізноў...
13.07.2012
Свидетельство о публикации №113011410872