Мае вершы усе - прыдарожныя дзецi...

                А. Б.
               

Мае вершы усе –
                прыдарожныя дзеці,
У метро нараджаліся,
                ў пыльным кювеце,
На прыпынках падходзілі
                і ў тупіках,
На вузенькіх сцяжынках
                і на бальшаках,
На развілках страчаліся
                і ў пераходах,
Ў цягніках грукацелі
                і плылі цеплаходам,
Часта пешшу ішлі
                і ляцелі паветрам
і з папутным, бывала,
                і – стрэчным ветрам.
... Можа, гэтак бадзяцца і будуць па свеце,
Як бяздомныя сумныя сіраты-дзеці...
Пакуль сэрца якое іх
                не пашкадуе,
Не схавае ў хацінку
                ад злых ветрадуяў,
Не пасадзіць лагодна
                на чыстыя лаўкі,
Не аблашчыць пяшчотна
                рэдактарскай праўкай,
У гарачых далонях
                не сагрэе радкі,
Не кране добрым вокам
                прыпынку значкі,
Акуратна ўсіх не прычэша,
                як родных,
І, як маці, не апякуе
                галодных
На ўзаемнасць любові
                і шчырасць пачуццяў,
На давер да ўсяго,
                аб чым мае пачуці,
Не заслоніць ад скепсісу,
                злых забабонаў,
Колкіх кпінаў
                і едкіх праклёнаў,
Не паставіць
                на іх абарону кардон.
Гэта сэрца – дар божы!
Сапраўдны анёл!


Рецензии
На это произведение написано 6 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.