Чапляюся за кожны уласны дзень...

Чапляюся за кожны ўласны дзень,
 За міг, падараваны мне, дурніцы,
 Са смагаю, нібыта авадзень,
 Які не можа кроўю наталіцца.

 Шукаю ў кожнай справе божы знак
 І сэнс ва ўсім, што зведала-стрывала, –
 І бачу, што усё ідзе не так,
 І вопыт мой накоплены – няўдалы.

 Няўжо жыву дарэмна? Што рабіць?
 Набытае – расплата за правіны.
 Хоць знаю – абы-як прадзецца ніць,
 Ды нельга супыніць ні на хвіліну.

 З ашмоцця абы-што старанна тку –
 І сорамна, і горка, і балюча.
 Сама сябе хапаю за руку –
 Ды гэтым толькі больш істоту мучу.

28.12.12


Рецензии
Калі Вам цікава маё меркаванне, то вось яно: я нічога падобнага яшчэ ў сучаснай беларускамоўнай паэзіі не чытаў. Вельмі спадабалася. Так лёгка, разумна, прафесійна. Выдатна!)))

Махнач Сергей Юрьевсын   09.01.2013 03:17     Заявить о нарушении
Дзякую! Калі заўважыце ў мяне недарэчнасці і памылкі - пішыце, калі ласка!

Демьянова Татьяна Дмитриевна   09.01.2013 13:44   Заявить о нарушении