Хлам абменьваецца на шчасце
Уявіце яркі летні дзень. Ціха і спякотна. Куры,разамлеўшы, ляжаць у разрытых ямках на дарозе.У канцы вуліцы паяўляюцца запрэжаныя конікам калёсы, гаспадар якіх зычна і працягла крычыць:"Кара-а-а-вашнік!"
Вуліца раптам ажывае.Грукаюць вароты,гаспадыні выносяць старыя анучы, боты, паперу, дзіравыя чыгуны. Твары маладых, пажылых і нават старых жанчын свецяцца радасцю, прадчуваннем шчасця.Бо за гэту непатрэбшчыну кожная атрымае хустку з яркімі кветкамі.
І вось гарускі расквецілі вуліцу дзіўнымі фарбамі, прыцьміўшы нават яркія вяргіні, што выглядалі з палісаднікаў.
Мы, падшыванцы,круцімся побач, бо гліняныя свістулькі, драўляныя распісныя бусы(пацеркі) і чырвоныя празрыстыя пеўнікі былі верхам жадання і святам для нас.І яно гучала пераліўным шчэбетам напоўненых вадой гліняных птушак,звонкім смехам маладзіц і шчаслівым гоманам жанчын.
Цягучае "кара-а-авашнік" паціху аддалялася і было чуваць ужо на суседняй вуліцы. А наша зноў суцішаецца, замірае.Куры вяртаюцца на ранейшае месца... Але нешта ўжо змянілася,стала не так. Гэта паветра напоўнілася шчасцем.
Свидетельство о публикации №112111001572