Ну i лета!
Што ні дзень – не адно, дык другое:
Залівае, і паліць, і дзьме,
І няшчадна руйнуе жывое.
Што згніло, што спяклося амаль.
Што змяло, згвалтаванае ветрам.
Ураганы, спраўляючы баль,
Карані выкарчоўваюць з нетраў.
Ці калісьці такое было?
Ўсё вакол – у палоне навалы:
Пад нагамі – разбітае шкло,
На дарогах, у парках – завалы.
Ад паваленых дрэў – водар тла.
Град і буры – бядой – апантана.
Колькі вёсак стаіць без святла?
Колькі шыферу з дахаў сарвана?
Колькіх спёка знясіліла ўшчэнт?
Колькі смерцяў, няшчасных здарэнняў?
І штодня ў Беларусі – Ташкент,
І штоноч – ліпкі пот, знемажэнне.
Што прырода жадае сказаць,
Калі ў свеце лютуе вось гэтак?
І ці ёсць нейкі шанец суняць
Катаклізмы шалёнага лета?
А мо гэта вар’яцтва стыхій
І нябачаны шквал анамалій –
Нам адплата за нашы грахі,
Што ўжо нават і Бога дасталі?
Мо пачатак канца настае –
Дні апошнія – Апакаліпсіс?
Ну і лета – дае і дае!
І зрываюцца дрэвы, як лісце…
Свидетельство о публикации №112070100923