Не спаткаyшы y свеце згоды...

Не спаткаўшы ў свеце згоды,
 Сцішце хцівасці свае:
 Не шукайце і свабоды –
 Бо яе не існуе!

 Мы – удзельнікі падзення
 Духа ў плоць, нябыта ў быт –
 Вязні месца нараджэння,
 Веку пэўнага рабы,

 Служкі вечнага прыгону:
 Часу, грошай і сям’і,
 Кватаранты абалонак
 І заложнікі любві.

 Вучні ўласнага грамадства
 І ахвяры ўсіх навук,
 І прадукцыя мастацтва,
 І падзёншчыкі прынук.

 Лёс, як хоча, круціць намі,
 Душам волі не дае:
 Душыць петлямі абставін,
 Вяжа повязі свае,

 Шлях каменнямі ўсцілае
 І збівае ногі ў кроў,
 А ўпадзеш – дык вымушае
 Падымацца й крочыць зноў.

 Паасобку і супольна
 Ўсе залежым – хоць крычы!
 Ой, няма між намі вольных –
 Анідзе і ані ў чым!

18.08.2011


Рецензии