Разо мо з тысячу на дню...
Матляю-гушкаю арэлі –
Ныраю ў света мітусню
І выплываю, як тапелец.
Не ачуняўшы ад вады,
Ледзь толькі дых свой аднаўляю,
Ізноў лячу туды-сюды –
Паўсюль адразу паспяваю.
Так і жыву – ганю душу
Неўтаймавана і таропка –
І ўсё марэннямі грашу –
А мо калісьці будзе кропка?
Мо хоць тады я адпачну
Ад пажыццёвага галопу?
Бягу… Гляджу ў далечыню –
А кропка збегла
У шматкроп’е…
2.10.2011
Свидетельство о публикации №112070107125