О, душа ты мая, шалянiца!

О, душа ты мая, шаляніца!
 Не душы так мяне, не гані!
 Дай хаця б на хвілінку спыніцца,
 Ачуняць ад пустой мітусні.

Не цягні па ліхім бездарожжы
 Басанож - праз каменні і бруд.
 Пад цяжарам ускладзенай ношы
 Мне не вытрымаць новых пакут.

Не кідай мяне з месца на месца,
 Не вымучвай істоту тугой.
 Дай, нарэшце, мне дух перавесці
 І адчуць блаславенны спакой!

Хай заплюшчацца стомлена вочы!
 Хай расправяцца плечы мае!

Я прашу...
 А яна нават ноччу
 Перадыху ў жыцці не дае.

Пачынае занудліва-строга
 Адчуванні і думкі судзіць:
 Што зрабіла я сёння благога,
 Што павінна ў сабе я змяніць.

А засну – дык і ў сне ўсё сваволіць:
 Прымушае і там ваяваць.
 Апякае то шчасцем, то болем
 Паглядае, дзе чым іспытаць.

Выяўляе – а хто я на справе
 І ці вартая нечай любві?
 Ці такая ж я ў сне, як наяве?
 Ці сумленне ў мяне ўжо ў крыві?

Вывучае мяне, як карцінку,
 Адлюстроўвае ў люстры нябёс
 І глядзіць, як намеры і ўчынкі
 Вызначаюць мой будучы лёс.

5.02.2011


Рецензии
паспяваў "пра сябе" твоў Верш,.. парадаваўся... Рытм - Ён - Мастак!

Олег Буйницкий   07.08.2012 19:37     Заявить о нарушении
Дзякую! Напісаўся аамаль на адным дыханні.

Демьянова Татьяна Дмитриевна   08.08.2012 19:24   Заявить о нарушении