Не надыхацца, не наталiцца...

Не надыхацца, не наталіцца
 Мнагаснежнай віхурнай зімой!
 Смакатой маразоў не напіцца,
 Не найграцца завеяй шальной!

Не нацешыцца казачным пухам,
 Што ў далоні, бы свята, ляціць!
 Не наслухацца злой завірухі,
 Калі стане па-воўчаму выць!

А на сонейку раніцай золкай
 Не знайсці прыгажэйшага шоў,
 Чым яскравае ззянне вясёлкі
 Ў крышталёвых радках ледзяшоў

І пабеленай густа прасторы,
 Што нагадвае ў квецені сад,
 І зіхотнага белага мора,
 Што ўяўляе сабой далягляд.

 Наваколле – зямля і нябёсы –
 Выклікае дзівосны экстаз:
 Дываны-саматканкі з начосам,
 І прасцін дыяментавы бляск,

І карункі ірландскія шаці
 На галінках настылых бяроз,
 І бахматая шапка на хаце,
 І заспаны на вокнах мароз,

І вясёлыя дзеці на ганку,
 І на дрогкім кусце снегіры,
 І канькі, і нястомныя санкі,
 Што, як пёркі, злятаюць з гары…

12.12.2010


Рецензии