Кiсель

Вершаваны пераклад беларускай казкі.

Ажаніўся хлапец.  Дзеўку добрую ўзяў
Не з тутэйшага краю – з далечы.
З маладою пажыў – шчасце ў хату прыдбаў.
Ды аднойчы паехаў да цешчы.

Цешча, радая госцейку – зяцю  свайму,
І карміла яго, і паіла,
На прасмакі ж кісель згатавала яму:
“Пачастуйся салодзенькім,  мілы!”

Хлопцу  ўсё спадабалася: цешчын прыём,
Разнастайная ежа , пасцеля…
Ды найбольш зацікавіўся ён кісялём –
На радзіме такога не елі.

Не сцярпеў – запытаўся: “А што за кулеш?
Смаката – пра такую не марыў!”
І адказ атрымаў: “ З кулінаркай жывеш.
Папрасі – і яна табе зварыць.”

Ён паехаў дамоў. Наўспамін сабе узяў
Назву ежы смачной і спакуснай –
Колькі ехаў,  нястомна яе паўтараў,
Каб  зацвердзілі вушы і вусны.

Ды сустрэў чалавека і, ледзь  павітаў,
Як  забылася  дзіўнае слова.
Што ж рабіць? Ён да цешчы ізноў паскакаў,
Каб  яму нагадала нанова.

А каб гэтае слова ізноў не згубіць
 Па дарозе ў нудоце бясконцай,
Папрасіў кісялю трохі  ў кубак наліць,
Каб  пасля паказаць любай жонцы.

Ды  насустрач  уздоўж прыдарожнай травы
Ехаў пан  фанабэрысты ў  брычцы.
Ўбачыў хлопец  яго – шапку зняў з галавы
Па з дзяцінства засвоенай звычцы.

А з рукі на дарогу кісель яго – плюх!
І ў вялізную лужу  - бясценны…
“Ах, панок!... Каб цябе…”  І няўклюда наш – бух
 Бы за скарбам, упаў на калены.

“Што ты, хлопец, згубіў?” – “Ды каштоўную рэч!”
І запоўзалі побач абодва.
“Як знайду, – углядаецца пан, – насамрэч
Прыхаваю сабе назаўсёды.”

Як ні мацалі ў лужы,  у бруднай вадзе,
Пан і хлопча  сабе  паасобна,
Не знайшлі анічога такога нідзе,
Што было б на каштоўнасць падобным.

“А хай дз’яблы  бяруць, недарэка, цябе!   
Гразь  дарма на кісель вунь змясілі…”
Тут хлапец аж падскочыў: “Успомніў! Кісель!”
І  панёсся, бы чорт, на кабыле.

“Пэўна, нейкі вар’ят”, –  сумна вырашыў пан, –
Што ты зробіш яму, небараке?”
А хлапчына  тым часам дадому скакаў –
Да сваёй кісялёвай прысмакі...


Рецензии